Што паказалі рэйды


З мэтай прадухілення выпадкаў несанкцыяніраванага пранікнення ў адселеную зону сектарам аховы тэрыторыі ПДРЭЗ праводзяцца рэйды сумесна з супрацоўнікамі райаддзела ўнутраных спраў, Адміністрацыяй зон адсялення і адчужэння, Дзяржаўнай інспекцыяй па ахове жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і пагранічнай службай. За мінулы год складзена 168 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, у тым ліку па Хойніцкаму раёну – 47, Брагінскаму – 62, Нараўлянскаму – 59. У параўнанні з папярэднім годам складзена на 52 пратаколы больш. Агульная сума штрафаў, вынесеных пастановамі суда, склала 65660000 рублёў.

Затрымліваліся асобы за парушэнне патрабаванняў рэжыму радыяцыйнай бяспекі на мясцовасці, якая падверглася радыеактыўнаму забруджванню, за парушэнне правіл рыбалоўства і аховы рыбных рэсурсаў і водных жывёлін.

Павелічэнне колькасці пратаколаў звязана з шэрагам фактараў. Участак ракі Прыпяць і яе прытокаў ад мяжы з Украінай да населенага пункта Канатоп Нараўлянскага раёна працягласцю 67 кіламетраў практычна застаецца не закрытым. Таму дырэкцыяй ПДРЭЗ прапрацоўваецца пытанне ўводу ў сёлетнім годзе воднага паста пагранічных войск.

Каб выключыць доступ пабочных асоб на тэрыторыю запаведніка, работнікамі лясніцтваў і сектара аховы праведзена работа па перакопцы 6 прасёлачных дарог і ўстаноўцы штучных загарод (металічных шлагбаумаў, жалезабетонных агародж) на тэрыторыі Тульгавіцкага, Новапакроўскага, Верхнеслабадскога і іншых лясніцтвах запаведніка.

Пры гэтым практыка сумесных рэйдаў будзе працягвацца.


А. БОНДАР, загадчык сектара аховы ПДРЭЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *