66 гадоў з Дня Перамогі

Да Дня Вялікай Перамогі

showpic.aspШэсцьдзесят шэсць гадоў мінула з таго гістарычнага дня, калі над зямлёй, зраненай снарадамі і бомбамі, прагучалі апошнія залпы Вялікай Айчыннай вайны. У час, калі ноч змяняецца ўсходам, з быстрынёй маланкі над Радзімай пранеслася доўгачаканая вестка аб капітуляцыі ворага, заканчэнні вайны і нашай перамозе.

66 гадоў з дня Перамогі… Але бессмяротным застаецца народны подзвіг у свяшчэннай вайне. У полымі Вечнага агню, у мемарыялах і абелісках, у творах літаратуры і мастацтва, у сэрцах удзячных нашчадкаў назаўсёды захаваецца памяць  аб тых, хто падымаўся ў атаку, кідаўся з гранатамі пад танкі, сыходзіўся з ворагам у рукапашную, тапіў яго караблі, пускаў пад адхон эшалоны, чыёй волі і мужнасці не зламалі ні катаванні, ні фашысцкія засценкі.

Ужо на першых этапах Вялікай Айчыннай вайны наша армія сарвала асноўны стратэгічны намер фашысцкага камандавання – устаноўку на «маланкавую вайну». Разгром гітлераўцаў пад Масквой развеяў міф аб непераможнасці фашысцкай арміі. Паражэнне немцаў на Волзе  і бітва на Арлоўска-Курскай дузе завяршылі карэнны пералом у ходзе вайны. Закончыўся ён гіганцкай берлінскай бітвай. Вогненнае кальцо літаральна здавіла астаткі некалі магутнай арміі трэцяга рэйха. Над фашысцкім логавам узвіўся савецкі флаг.

На франтах і ў партызанскіх атрадах змагаліся мільёны савецкіх людзей, сярод якіх каля пяці тысяч жыхароў нашага раёна. За баявыя заслугі перад радзімай урадавымі ўзнагародамі адзначаны больш дзвюх тысяч нашых землякоў. Поўны кавалер ордэна Славы старшына Уладзімір Мікітавіч Марчанка з вёскі Губарэвічы 16 красавіка 1945 года ў наступленні на плацдарме на левым беразе Одэра ў раёне Кюстрына разам з гарматным разлікам прамой наводкай з адкрытай пазіцыі знішчыў шэсць агнявых кропак ворага і трыццаць гітлераўцаў, запаліў два бронетранспарцёры з жывой сілай. Геройскі загінуў, але подзвігу яго жыць у вяках.
Навечна ў памяці ўдзячных нашчадкаў застанецца ваенны подзвіг нашых землякоў – А.М. Зелянкоўскага, В.Л. Якуша, Л.Я. Пасюты, А.А. Марыновіча, П.І. Царанка, А.Р. Шумілава і многіх іншых.

Назаўсёды дарагімі з’яўляюцца для  нас Героі Савецкага Саюза У.Р. Калеснік, М.А. Грачыхін, А.Г Качаткоў. Нягаснучай славай авеяны подзвігі П.П. Домнікава, Н.М. Андросава, А.У. Юшчанкі, М.Н. Канавалава, М.Х. Філіна, В.Г. Карася, адважных камсамольцаў-падпольшчыкаў пад кіраўніцтвам Я.І. Казачука. У партызанскіх атрадах В.Р. Карася і К.Т. Сацуры змагаліся многія жыхары нашага раёна. Сярод іх Т.В. Шапавалава, М.С. Ярац, В.С. Усікава, А.І. Вараб’ёў, М.С. Скрыпчанка.
З пачуццём глыбокай удзячнасці і пашаны гаворым мы аб гераізме савецкіх жанчын. Мужна пераносілі ўсе цяжкасці і нягоды франтавога жыцця, вялі барацьбу з ненавісным ворагам В.Д. Дашук, В.П. Бандарэнка, А.М. Шумілава, Е.А. Сядова, С.М. Шчэрбіна.

Людзі старэйшага пакалення памятаюць, якую страшную карціну ўяўлялі сабой вызваленыя ад акупантаў раёны. У руінах ляжалі каля 1700 гарадоў і пасёлкаў,  70 тысяч вёсак і сёл. Каля 25 мільёнаў чалавек засталіся без даху над галавой. Полымя вайны паглынула трэць нацыянальнага багацця вялікай краіны СССР.  Ніколі і нічым не вымераць самую страшную страту – дзесяткі мільёнаў савецкіх людзей.

Фашысты знішчылі больш за 1300 жыхароў нашага раёна, 117 чалавек загінулі ў барацьбе з ворагам ў партызанскіх атрадах і ў падполлі.
На жаль, час няўмольны. Ён забірае ад нас людзей, якія цаной свайго жыцця кавалі ў гады жорсткага ліхалецця Вялікую Перамогу. Сёння пераможны дзень на Хойнікшчыне адзначаюць 18 інвалідаў і 21 удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. І тым больш каштоўныя для маладога пакалення іх успаміны з тым, каб ніколі не паўтарылася тое, што адбылося ў чэрвені 1941-га.

Шэсцьдзесят шостая вясна шуміць зелянінай садоў. Насенне новага ўраджаю даў зямлі хлебароб. Яшчэ адну хвалюючую кнігу піша літаратар, а рэжысёр здымае кінастужку. У кожнага з нас вялікія мірныя справы. Але ў гэтых бясконцых клопатах мы не на імгненне не забываем пра тых, хто прынёс нам святочны радасны май. У нашай памяці яны навечна.

 

В. ВАСЬКЕВІЧ,  старшыня раённай ветэранскай арганізацыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *