Памяць аб гераічным подзвігу народа – свяшчэнная

Рэха падзеі

Дзень Перамогі – вялікае свята,  бясконца дарагое бела-       рускаму народу, які разам з мільёнамі савецкіх людзей адстаяў у Вялікай Айчыннай вайне свабоду нашай Радзімы, унёс рашаючы ўклад у вызваленне Еўропы і ўсёй планеты ад фашысцкага іга. Невымяральнай цаной была заваявана свабода. Толькі наша рэспубліка страціла ў бітве з фашызмам кожнага трэцяга свайго жыхара.



Праходзяць дзесяцігоддзі, змяняюцца пакаленні, але Вялікая Перамога – сімвал нацыянальнай гордасці, воінскай славы і доблесці – навечна ўпісана ў гераічны летапіс нашай краіны. У памяці народнай назаўсёды застануцца самаадданасць і мужнасць тых, хто вытрымаў цяжэйшыя выпрабаванні і перамог у самай бязлітаснай вайне мінулага стагоддзя.



9 мая наш горад у марыве квітнеючых садоў, факелаў чаромхі і цюльпанаў быццам расхінуў  насцеж душу пераможцам – былым франтавікам, партызанам, падпольшчыкам, працаўнікам тылу, усім, хто 66 гадоў назад прынёс Вялікую Перамогу.
На ўрачыстым мітынгу на плошчы Танкістаў, які вяла першы сакратар РК ГА БРСМ Л.А. Гаркуша, старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан выказаў бязмерную ўдзячнасць ад імя жыхароў раёна за той вялікі подзвіг вызвалення, уменне ў цяжкую хвіліну згуртавацца, выстаяць у адрас ветэранаў, пажадаў ім здароўя, аптымізму, бадзёрасці духу. З адказным словам-наказам берагчы мір на зямлі да наследнікаў Перамогі звярнуўся старшыня раённай ветэранскай арганізацыі В.С. Васькевіч. Ад імя юнай змены права выступіць на мітынгу была ўдастоена вучаніца першай гарадской сярэдняй школы Ганна Дзічэнка.



Ва ўнісон з метраномам біліся сэрцы людзей у мінуту маўчання ў памяць не прыйшоўшых з палёў змагання.
Старшыня райвыканкама А.В. Бічан і старшыня райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар усклалі вянок да падножжа помніка-Танка, яго ўпрыгожыла гірлянда як сімвал Перамогі, прадстаўнікі працоўных калектываў горада і раёна ўсклалі да помніка вянкі і кветкі.



 Ад плошчы Танкістаў да гарадскога парка прайшло святочнае шэсце, якое ўзначаліла кіраўніцтва раёна. Вучні школ райцэнтра разам з педагогамі выйшлі на гэты незвычайны ўрок гісторыі, каб сваімі вачамі пабачыць 66-ы Дзень Перамогі, які адзначаўся адначасова з Днём Дзяржаўнага герба і  Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь.
На гарадскім стадыёне гэты ўрачысты дзень стаў яшчэ больш хвалюючым. Права падняць флаг Рэспублікі Беларусь прадастаўляецца вучню СШ № 1 Аляксандру Чэркасу, права падняць флаг Перамогі – ветэрану Вялікай Айчыннай вайны М.С. Камешу.



На сцэну для выступлення запрашаецца старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар. Яна шчыра і сардэчна павіншавала прысутных з Вялікай Перамогай, Днём Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь, адзначыла, што воляй народа герб і флаг сталі духоўнымі святынямі, якія адлюстроўваюць векавыя традыцыі, маральныя каштоўнасці, лепшыя якасці і рысы беларусаў. У іх у поўнай меры ўвасоблены вартасці грамадска-палітычнага ладу, нацэленага на пабудову моцнай і працвітаючай Беларусі – дзяржавы для народа. У дзяржаўнай сімволіцы ўвасоблены адданасць беларусаў стваральнай працы і сацыяльнай справядлівасці. Вось чаму гэтае свята, без сумнення, можна далічыць да дат, якія згуртоўваюць нацыю, выражаюць сілу духу і характар народа. Галіна Віктараўна пажадала хайнічанам моцнага здароўя, поспехаў у дасягненні сваіх грамадзянскіх і  грамадскіх памкненняў, стваральнай працы дзеля дабрабыту нашай Хойнікшчыны і краіны.



Вясёлкавым ад касцюмаў ў стылі пераможнага часу быў паказаны тэатралізаваны музычны нумар «Майскі вальс». Выдатна падрыхтаваныя самадзейнымі артыстамі раёна аддзела культуры райвыканкама, выкладчыкамі і вучнямі дзіцячай школы мастацтваў, вучнямі школ горада  прыгожыя дзействы напомнілі ветэранам іх баявыя гады, франтавыя песні, якія яны складалі ідучы на смяротны бой.
Шквал апладысментаў раздаўся з трыбун – гледачы так віталі нумар у выкананні хлопчыкаў і дзяўчынак, калі яны выпусцілі ў блакітнае неба сімвалы міру на зямлі – белых галубоў.



Звінелі песні ваенных гадоў у гарадскім амфітэатры, добры настрой хайнічанам стварылі работнікі гандлю і грамадскага харчавання, працавала выстаўка рамёстваў, жадаючыя маглі паўдзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах. А закончылася свята познім вечарам святочнай праграмай на адкрытай пляцоўцы ля ГЦКіС «Меліяратар», моладзь весялілася на дыскатэцы ў РДК.
І як заключны акорд свята, роўна ў 22 гадзіны горад расквеціў святочны салют. Трэба сказаць, што палову кошту гэтага мерапрыемства ўзялі на сябе прыватныя прадпрымальнікі (ІП Карабут А.М.)   



Не толькі ў горадзе, але і паўсюдна ў раёне адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя 66-й гадавіне Вялікай Перамогі. Да помнікаў і абеліскаў загінуўшым воінам ускладзены вянкі і кветкі.
…Незабыўнае свята аб’яднала бацькоў, дзяцей, унукаў. Яно ў сэрцах усіх, хто ведае сапраўдную цану міру, для каго свабода і гонар Радзімы вышэй за ўсё. Дзякуючы Вялікай Перамозе мы жывём у незалежнай краіне, удасканальваем работу працоўных калектываў, імкнемся зрабіць жыццё землякоў больш паспяховым. Мы павінны зрабіць усё неабходнае, каб воінскі і працоўны подзвігі старэйшага пакалення, беззапаветная любоў да Радзімы, мужнасць і гераізм заставаліся свяшчэннымі для наступных пакаленняў.


 


Час не ўладны над памяццю людзей! Колькі б дзесяцігоддзяў не прайшло, у нашай гісторыі, нашых сэрцах назаўсёды застанецца памяць аб тых, хто прайшоў вогненны шлях самай крывавай і бязлітаснай у гісторыі чалавецтва вайны.Мы ўсе ў неаплатным даўгу перад ветэранамі Вялікай Айчыннай – за мірнае неба над галавой і свабоду ў імя нашай будучыні, будучыні нашых дзяцей.



Для беларускага народа Дзень Перамогі – асаблівае свята. У нашай краіне няма ніводнай сям’і, у гісторыі якой Вялікая Айчынная вайна не прапісана сумам провадаў і радасцю сустрэч, слязамі страт і вестачкамі з фронта. У гэты дзень мы ўспамінаем не толькі родных, блізкіх і сяброў, жыцці якіх забрала гэтая страшная вайна, але і ўсіх, хто, пераадольваючы  нягоды і цяжкасці, змог выратаваць краіну і яе народ ад фашызму.



Гэтымі словамі адкрыла традыцыйны ўрачысты прыём ветэранаў у райвыканкаме, які прайшоў 6 мая, намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская, пажадала гасцям, людзям ваеннага пакалення моцнага здароўя, душэўнай бадзёрасці, дабрабыту і ўпэўненасці ў дастойным будучым нашай краіны.
У цёплай атмасферы за кубачкам духмянага чаю вялася шчырая размова пакаленняў. Ветэраны ўспаміналі сваю ваенную маладосць, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі В.С. Васькевіч гаварыў аб выхаванні падрастаючага пакалення, адзначыўшы, што вялікая заслуга ў гэтым – праца нашых ветэранаў.



Вядучая ўрачыстасці, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама І.С. Панчанка запэўніла, што юнакі і дзяўчаты з гонарам працягваюць добрыя традыцыі старэйшага пакалення.
На сустрэчы знакамітую «Кацюшу» пад акампанемент Р. Лушча выканала юная спявачка Вераніка Махнавец, нізка пакланіўся ветэранам і праспяваў песню «Идёт солдат по городу» Андрэй Сцешыц.



На памяць аб сустрэчы госці  атрымалі падарункі, таксама павіншаваў ветэранаў са святам і ўручыў падарункі ад кампаніі МТС яе прадстаўнік В. Абрамаў.
Ж.М. Чарняўская запрасіла ветэранаў прыняць удзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі.
У гэты ж дзень адбыўся ўрачысты прыём у рады ГА «БРПА» і ГА «БРСМ». Прадстаўнікі вучнёўскай і працуючай моладзі атрымалі членскія білеты і нагрудныя значкі БРСМ з рук намесніка старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўскай і старшыні раённай ветэранскай арганізацыі В.С. Васькевіча. Ганаровую місію – павязаць гальштукі юным піянерам, выканалі актывісты БРПА. Затым удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да помніка Леніну.



Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *