Да Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Ішла вайна народная


(Працяг. Пачатак у №№ 26–28).


Варта расказаць аб некаторых нашых баявых таварышах-югаславах.

Крыклюш Мамчыла родам з Шэйкаш, пасля вайны жыў у горадзе Новы Сад (Югаславія). У партызанскім атрадзе праводзіў вялікую выхаваўчую работу сярод сербаў. Валодаючы рускай мовай, разам з палітруком роты А.І. Чэкатоўскім прымаў па рацыі зводку Саўінфармбюро і размнажаў яе на рускай, венгерскай і сербскай мовах. Даводзіў яе змест да партызан і насельніцтва, праз сувязных дастаўлялася зводка ў варожыя гарнізоны. Прымаў актыўны ўдзел у баявых аперацыях. З групай партызан узарваў два чыгуначныя масты, удзельнічаў у “рэйкавай вайне”. Больш як на 10 кіламетрах былі папсаваны рэйкі і спалены шпалы, пашкоджаны насып чыгуначнага палатна станцыі Аўрамаўская, выведзена са строю  тэлефонна-тэлеграфная сувязь праціўніка. Крыклюш прымаў удзел у разгроме форда № 42 на чыгунцы Аўрамаўская–Маканавічы.

 Пасля вызвалення Хойніцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Мамчыла з групай таварышаў быў перапраўлены ў Югаславію, арганізаваў там партызанскі рух у гарах. Ужо будучы ў званні маёра, быў два разы паранены, але зноў вяртаўся ў строй.

Лазар Еўрыч. Нарадзіўся ў югаслаўскай вёсцы Шайкаш. Спачатку быў у партызанскім атрадзе імя Суворава, а затым пераведзены ў атрад імя Дзяржынскага, камандаваў якім Аляксандр Земнінкай. Гэты атрад працяглы час знаходзіўся побач з нашым у Амелькаўшчанскіх лясах. Сумесна правялі баявыя аперацыі на чыгунцы Хойнікі-Васілевічы ў 1943 годзе з удзелам югаслаўскіх таварышаў. Пазней атрад імя Дзяржынскага пайшоў далей на захад у тыл ворага.

Лазар Еўрыч удзельнічаў у многіх аперацыях па разгрому нямецкіх гарнізонаў. Яму прысвоена званне ганаровага жыхара г. Ковеля Украіны, які Еўрыч вызваляў. Пасля вайны жыў у Белградзе. Некалькі разоў прыязджаў у Хойнікі і Гомель.

Стэфан Врговіч у атрадзе імя Суворава быў у 2-й роце, трэцім узводзе. Радавы. Удзельнічаў у многіх аперацыях, неаднаразова хадзіў на заданні з дыверсійнымі групамі. І ў той час, калі ў наш раён з Васілевіч ішоў полк салдат і афіцэраў варожай арміі для аховы чыгункі, іншых аб’ектаў, навядзення “новага парадку”, другая рота, у якой знаходзіўся Врговіч, была накіравана для сустрэчы няпрошаных гасцей. Камандзір роты Карп Сцяпанавіч Шлег размясціў засаду на ўскрайку лесу паблізу вёскі Вялікі Бор. У партызан было два станкавых кулямёты, 50 аўтаматаў, 30 вінтовак. Прапусцілі варожую конную разведку наперад, падпусцілі калону немцаў бліжэй і адкрылі агонь. Было забіта многа салдат і афіцэраў, у тым ліку і камандзір палка. Стэфан Врговіч у тым баі праявіў смеласць і знаходлівасць, за што перад строем атрымаў падзяку. Ен быў прадстаўлены да ўзнагароджання медалём партызана Айчыннай вайны І ступені.


(Заканчэнне будзе).



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *