Прыгажосці многа не бывае

Добраўпарадкаванне

Напярэдадні Дня горада арганізацыйны камітэт падвёў вынікі раённага агляду-конкурсу на лепшы па добраўпарадкаванню, санітарным стане, эстэтычным абліччы падворак работнікаў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый Хойніцкага раёна. Пераможцы гэтага спаборніцтва прыгажосці: сям’я Гушчанка (запаведнік), сям’я Чарняўскіх (лясгас), сям’я Бандарчук (ЦРБ). Знаёмім чытачоў з імі.
Юрый і Анжэла Гушчанкі, пераможцы «спаборніцва прыгажосці», пражываюць па вул. Паўночнай горада. Удзельнічалі ў аглядзе-конкурсе ад запаведніка, дзе працуе гаспадар дома. У размове гаспадары дома расказалі, што яшчэ год таму «нічога такога» ў іх не было – просты двор, не болей. А магчымым з’яўленне такой прыгажосці стала дзякуючы вялікаму жаданню зрабіць з простага двара «райскі кутачак для адпачынку» ды льготнаму крэдыту, які сям’я Гушчанка ўзяла для добраўпарадкавання.

Так змянілі свой выгляд дом і агароджа, сталі падобны на замежныя, з’явіліся альпійская горка, садовыя арэлі і арэлі для ўнучкі, малыя архітэктурныя формы (сімпатычныя гномікі, бусел), невялікі вадаём. А кветкі – гэта ўжо старанне гаспадыні, якая ў доглядзе за імі знаходзіць адпачынак для душы. Пад’езд да гаража падсвечваюць маленькія ліхтарыкі. А па спякоце адпачыць можна і на газоннай траўцы.

Анастасія і Сяргей Чарняўскія таксама пражываюць па вул. Паўночнай, абодва працуюць у Хойніцкім лясгасе, які і прадстаўлялі на аглядзе-конкурсе. Дом з вялікімі вокнамі, балкон, ліхтары каля лавачкі і цэлы дзіцячы комплекс з забавамі на любы густ. І гэта не ўсё, фантазія яшчэ не вычарпана. Гаспадыня дома расказала, што ў іх з мужам шмат ідэй, якія хочацца ажыццявіць, – мараць аб лазні, альтанцы, узводзяць гараж і гаспадарчыя збудаванні, плануюць памяняць агароджу, разбіць клумбы і кветнікі, добраўпарадкаваць дарожкі. А яшчэ больш ідэй – пра дзіцячую пляцоўку.

На гэтай гуляюць не толькі дзве дачушкі і сын гаспадароў, а дзеці амаль з усёй вуліцы, настолькі да спадобы ім горкі, арэлі, пясочніца і нават гамак. Усё зроблена гаспадаром дома, а «задачу паставілі» яму дзеці. І гэта так добра, калі на ўласным участку дзецям столькі разнастайнага занятку. Ды і дарослым ёсць дзе адпачыць пасля работы. А клопаты па добраўпарадкаванні на ўласным падворку сям’я Чарняўскіх лічыць толькі адпачынкам.

Алена Іванаўна і Васілій Іванавіч Бандарчукі пражываюць па вул. Будзёнага, на аглядзе- конкурсе прадстаўлялі цэнтральную раённую бальніцу, дзе працуе гаспадыня.
Іх дом пяшчотна-ружовага колеру з белымі вакенцамі, строгай агароджай і кветкамі пад ёю відаць здалёк. Аднак прываблівае позірк не толькі гэта. Уся прыгажосць сканцэнтравана ў двары: разныя ганак і альтанка, цікавыя рэчы з гістарычным мінулым, малыя архітэктырныя формы і проста мора кветак.

Усю гэтую прыгажосць гаспадары домаўладання ствараюць самі: жонка выступае дызайнерам прыдамавой тэрыторыі, а муж рэалізоўвае яе задумкі ў жыццё. Як прызналася гаспадыня, да любой справы яны адносяцца з душой і любоўю, асабліва да добраўпарадкавання свайго двара, таму, пэўна, і атрымліваецца такая прыгажосць. А чуць ад людзей словы захаплення вельмі прыемна, гэта як добрая адзнака іх старанням.

Падрыхтавалі Вольга БЕЛАШ і Вікторыя МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *