Каб вёска была прывабнай

Добраўпарадкаванне

Жыццё сельскіх жыхароў павінна быць такім жа як і гарадскіх. Гэта на сёння з’яўляецца агульнадзяржаўнай задачай. Над вырашэннем яе плённа працуюць у нашым раёне. А як мэта дасягаецца, разглядваецца ў ходзе Дня  сельсавета, мерапрыемства стала ўжо традыцыйным. На гэты  раз  яно праходзіла на базе Барысаўшчанскага сельскага Савета з удзелам кіраўніцтва раёна, раённых служб, аддзелаў райвыканкама, старшынь сельскіх Саветаў і прадстаўнікоў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.



Спачатку адбылося наведванне аб’ектаў сацыяльнага і вытворчага прызначэння. І першым з іх стала аддзяленне паштовай  сувязі аграгарадка Храпкаў, дзе аказваецца шырокі спектр абавязковых і нетрадыцыйных паслуг. Аднак, як адзначыў старшыня райвыканкама А.В. Бічан, трэба смела ісці на ўкараненне сучасных тэхналогій, у прыватнасці арганізаваць абслугоўванне наведвальнікаў па пластыкавых картках. Паштавікі працуюць у прыстасаваным памяшканні, але маецца магчымасць пашырыць яго плошчы – варта толькі ўбраць сценку і задзейнічаць пустуючы суседні пакой.



Якраз насупраць аддзялення паштовай сувязі размяшчаецца дыхтоўны будынак фельчарска-акушэрскага пункта. У свой час на яго ўзвядзенне былі выдзелены велізарныя сродкі, набыта сучаснае медабсталяванне. Аднак на сённяшні дзень яно не служыць чалавеку па прычыне адсутнасці медработніка, а парадак тут падтрымлівае прыбіральшчыца. Надзеі жыхароў на належнае медабслугоўванне спраўдзяцца ў жніўні сёлета, калі па размеркаванню прыбудзе медык, дарэчы, ураджэнец гэтай вёскі. А пакуль можна было б прыцягнуць да гэтай справы простага медработніка, які б мог наведвальніку той жа крывяны ціск памераць.



Прылаўкі магазінаў, якія размешчаны на тэрыторыі Барысаўшчанскага сельсавета, багатыя на асартымент тавараў. Гэта ўжо той  выпадак, калі за імі, напэўна, не варта ехаць у горад. Аднак і тут ёсць свае падводныя рыфы. Патрэбна выкараніць практыку абслугоўвання па «чорных спісках», не павінна быць фактаў грубых адносін – як бы там не было, пакупнік заўсёды правы. Да таго ж, цяпер прадавец на вёсцы павінен выконваць важную справу – ён ледзь ці не галоўны фігурант па закупу маладняку буйной рагатай жывёлы ад насельніцтва. А для гэтага трэба не толькі валодаць інфармацыяй аб тым, колькі гадоў жывёлы ўтрымліваецца ў прыватным статку на сваёй тэрыторыі, але і сагітаваць людзей на тое, каб бычка або цёлачку ён прывёў на двор сельгаспрадпрыемства, а не пагрузіў ў машыну заезжага камерсанта.



Каб вёска была прывабнай для маладых работнікаў, у сельгаспрадпрыемстве «Аравічы», як упэўніліся ўдзельнікі мерапрыемства, многае робіцца. Укараняюцца ў сельгасвытворчасць новыя тэхналогіі, ствараюцца належныя ўмовы для працы і быту. Для маладых спецыялістаў прадастаўляецца жыллё, значыць, ёсць добрая перспектыва развіцця гаспадаркі на будучае.



Жыхарам вёскі Барысаўшчына пашанцавала на медработніка, якім ужо многа гадоў з’яўляецца М.М. Лук’яненка. Гэта вельмі ўважлівы медык, адказны чалавек, дэпутат Барысаўшчанскага сельскага Савета. Марыя Мікалаеўна – першы памочнік старшыні сельвыканкама ў  правядзенні работ па добраўпарадкаванню тэрыторыі.
Пленарнае пасяджэнне праходзіла ў памяшканні Барысаўшчанскага СДК. Старшыня сельскага Савета В.Р. Сцішанок акрэсліла прыярытэтныя напрамкі дзейнасці органа мясцовай улады, удзяліўшы вялікую ўвагу рабоце, праводзімай з неспрыяльнымі сем’ямі і па добраўпарадкаванню. Намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская адзначыла, што Храпкаўская і Барысаўшчанская бібліятэкі абсталяваны камп’ютэрнай тэхнікай, ёсць выхад у Інтэрнет, мэтазгодна адкрыць пры СДК гурток кройкі і шыцця. Дырэктар КЖУП «Хойніцкі камунальнік» А.М. Клюкаўкін гаварыў аб арганізацыі камунальнага абслугоўвання жыхароў данай тэрыторыі,  начальнік землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы Хойніцкага раёна А.А. Маліноўскі ў сваім выступленні падкрэсліваў, што пад будаўніцтва жылля зямельныя ўчасткі выдзяляюцца бясплатна. З аператыўнай абстаноўкай па пажарах на тэрыторыі раёна пазнаёміў начальнік РАНС В.В. Сацура.



Падводзячы вынікі мерапрыемства старшыня райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар гаварыла аб тым, што старшыні сельскіх Саветаў павінны быць больш настойлівымі ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан  падкрэсліў, што да выканання гэтых задач трэба больш актыўней прыцягваць жыхароў сельскіх населеных пунктаў. У заключэнне ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Барысаўшчанскага СДК паказалі абрад «Заручыны».



Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *