Малодшы старэйшы брат


Выдатныя аналізы. Ідэальны ультрагук. Цяжарнасць Тамары працякала спакойна. Муж і жонка старанна падрыхтаваліся да сустрэчы першага дзіцяці. А на наступны дзень пасля родаў у палату да Тамары зазірнуў доктар. Ён гаварыў даведачна, без эмоцый.



– У вашага народжанага сына сіндром Дауна…
 –  Слова «шок» тут не падыходзіць, – успамінае Тамара Іванаўна Крукава.
Жанчына вяртаецца ў даўняе ўжо мінулае, у сваю мацярынскую драму, калі  ад навязлівай незразумелай навіны ўсе словы заселі ў грудзях. Нейкі час не было ні слыху, ні мовы, ні слёз. Толькі неадрыўныя думкі «бегалі» па крузе, імкнучыся дастукацца да свядомасці. А яно адмаўлялася прымаць хваравітую навіну.



– Мяне там быццам не было, – працягвае Тамара Іванаўна. – Адкуль ён узяўся, гэты сіндром, чаму, я не знаходзіла адказаў. Праз гадзіну прыйшла ў сябе і пачала рыдаць. Потым прыехалі родныя. Медыкі растлумачылі ім сітуацыю. Прагучала фраза: «Адмаўляйцеся ад дзіцяці. Гэта пляма на ўсё жыццё». Нам апісалі ўсе страшныя праяўленні сіндрома. Упрошвалі: народзіце сабе яшчэ дзяцей. Толькі бацькі не канвеер, а дзеці – не прадукт вытворчасці. Сям’я сакральная. У ёй ўсё ад Бога. Каханне – таямніца, дзеці – яго развіццё. Дзеці – падарункі звыш. А хіба дарагія падарункі выкідваюць у вядро з-пад смецця? Я ачнулася на трэці дзень. Мая свядомасць перавярнулася. Проста паднялася раніцай і сказала сабе: «Адстаньце ад нас. Гэта няпраўда. Гэта мой сын, а, значыць, самы лепшы». Можа мне так было лягчэй. Я была быццам змагар, сказала, выхаваю як належыць. Вельмі падтрымалі блізкія, сябры. Як можна аддаць сваё дзіця? Гэта – злачынства.



Мама і сын сустрэліся ў прамянях «сонца» амаль дваццаць гадоў таму назад. «Сонца» свяціла з самага сэрца нованароджанага. Яно адразу сагрэла Тамару і прагнала з твару жанчыны цень глыбокага смутку.



– Такім дзецям, як наш Саша, – спаўна даведаўшыся на сваім вопыце аб сіндроме Дауна, зазначае Тамара Іванаўна Крукава, – павінны быць толькі любоў і клопат. А ўзамен ты атрымліваеш яшчэ больш любові і ласкі. У нас з сынам вельмі моцная сувязь. Ён перавярнуў наша жыццё ў добрым сэнсе гэтага слова. Побач з ім не трэба сонца – наш сын само сонца.



У асобе Аляксандра Бог паслаў мужу і жонцы Крукавым дар высокага пачуцця. Яны яго прынялі, і іх радасць прымножылася. Нарадзіліся яшчэ сын Вадзім, які вучыцца зараз у 10 класе, і дачка-першакласніца Крысціна, прыгожыя, здаровыя. Бацькі хваляваліся спачатку, што малодшыя будуць крыўдзіць старэйшага. Усё атрымалася наадварот: яны яму дапамагаюць ва ўсім, вучаць, абараняюць. Сын і дачка могуць пабіцца паміж сабою, а Сашу ніколі не штурхнуць. Лепшы кавалак торта цягнуць старэйшаму брату. А са з’яўленнем брата і сястры Саша таксама вельмі змяніўся. Ён стаў дабрэйшым і ласкавейшым, намнога вырас інтэлектуальна. У сям’і  Крукавых, дзе маці, Тамара Іванаўна працуе прадаўцом, а бацька, Вадзім Сцяпанавіч, электрыкам у КЖУП «Хойніцкі камунальнік», нават не могуць уявіць сябе без гэтага добрага і цярплівага вялікага дзіцяці.



Аляксандр наведваў цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання, зараз кожны дзень крочыць у аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў. Пры справе ён кожны дзень. А яшчэ Саша Крукаў паказаў сапраўдны харэаграфічны талент. Разам са сваім педагогам Т.І. Цалуйка неаднаразова займаў прызавыя месцы па харэаграфіі на  міжраённых і абласных конкурсах. Фотаздымкі аб гэтым і атрыманыя дыпломы дома на відным месцы.



Крукавы лічаць, што іх сыну, які носіць лішнюю храмасому, даступнае нармальнае жыццё. І ў заслугу гэтаму ставяць яго ранняе карэкцыйнае навучанне, за што вельмі ўдзячны педагогам цэнтра. І адзначаюць такія якасці сына, як уседлівасць, цярплівасць, здольнасць выконваць манатонную работу. Навыкі і правілы паводзін ў яго замацаваліся на ўсё жыццё. Любячы, добры, працавіты – такі іх сын, ён – настаўнік любві. Так, здзейснілася цуда. Прагнозы медыкаў не апраўдаліся. Сын з сіндромам Дауна не абмежаваў жыццё сваіх бацькоў. Аляксандр пашырыў яго і паглыбіў. Кожны дзень у сям’і Крукавых адкрываюцца нязведаныя гарызонты быцця.



– Цяпер хочацца даваць клопату дзецям, мужу, блізкім, а не браць. Сэнсавыя акцэнты змяніліся, – зазначыла на развітанне Т.І. Крукава. – Усё гэта я гавару для тых людзей, у якіх, па волі лёсу, нарадзіліся такія дзеці як мой Саша. Усё можна пераадолець. Не трэба апускаць рукі і адчайвацца, трэба змагацца за сябе і сваю сям’ю – і ўсё атрымаецца!



Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *