МЫ ЖЫВЁМ, МЫ РАЗВІВАЕМСЯ І РАДУЕМСЯ ЮНЫМ ТАЛЕНТАМ

Образование

Адукацыя сёння павінна адпавядаць задачам, якія стаяць перад усім нашым грамадствам – гэта, перш за ўсё, дасягненне якасці на ўсіх яе этапах. Асабліва гэта датычыць пачатковай школы – асноўнага звяна ў працэсе выхавання і навучання. Менавіта тут дзіця атрымлівае свой «задзел»на будучае – уменне здабываць веды і карыстацца імі, камунікатыўныя ўменні, высокія маральныя якасці. Сучасныя псіхолага-педагагічныя даследаванні сведчаць, што мысленне дзіцяці, як цэласны працэс, развіваецца толькі пры правільна арганізаванай пазнавальнай дзейнасці малодшых школьнікаў, пры наяўнасці маральна-эстэтычнага вопыту і развіцці крытычнага мыслення.



Вялікі вопыт работы ў гэтым напрамку накоплены ў гімназіі г. Хойнікі, таму невыпадкова гэтая навучальная ўстанова выбрана месцам правядзення абласнога семінара-практыкума, мэтай якога ставілася актуалізацыя праблемы павышэння якасці пачатковай адукацыі пасрэднасцю духоўна-маральнага выхавання малодшых школьнікаў, задачамі – абазначыць прыярытэтныя напрамкі дзейнасці ўстановы адукацыі па вызначанай тэме і прадставіць вопыт работы педагогаў гімназіі па стварэнню адзінай выхаваўча-адукацыйнай прасторы ў сістэме «установа адукацыі-сям’я-асоба».



Удзельнікамі семінара былі метадысты гарадскіх і раённых  вучэбна-метадычных кабінетаў Гомельскай вобласці, кіраўнікі метадычных аб’яднанняў першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі.



Адкрыла семінар начальнік вучэбна-метадычнага аддзела дашкольнай і пачатковай адукацыі  ДУА «Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі» Ж.М. Цуранава, вітала гасцей дырэктар гімназіі г. Хойнікі Л.В. Лабада. Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Л.Ф. Кулакоўская асвятліла пытанне семінара-практыкума «Сістэма работы па фарміраванню духоўна-маральных якасцей асобы вучняў Хойніцкага раёна».
Метадыст вучэбна-метадычнага аддзела дашкольнай і пачатковай адукацыі Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі І.М. Кастрама выступіла з дакладам на тэму «Духоўна-маральнае выхаванне малодшых школьнікаў як адна з умоў павышэння якасці пачатковай адукацыі». Асноўныя напрамкі дзейнасці калектыву гімназіі па фарміраванню духоўна-маральных якасцей асобы і развіццю эстэтычнага густу ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту асвятліла намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце С.С. Карась.



І, як працяг тэмы – выступленне вучаніцы 4 класа Анастасіі Валенчыц, якая пад кіраўніцтвам педагога напісала вельмі ёмістую і пазнавальную працу «Хатні вясковы посуд» і прэзентавала яе ўдзельнікам семінара.



Актыўным і значным суб’ектам працэса выхавання, які ажыццяўляецца ва адукацыйнай установе сёння, з’яўляецца не толькі дзіця, але і сям’я ў цэлым. На жаль, сучасная сям’я «цяжка хворая»: дэфіцыт узаемаразумення, нездаровы лад жыцця, разрыў міжпакалейных сувязей, разбурэнне сямейных традыцый, негатыўны ўплыў соцыуму, розныя духоўныя хваробы. У духоўна-маральным выхаванні сёння ўжо не спрацоўвае той стэрэатып, у адпаведнасці з якім пазіцыя сям’і ажыццяўляецца толькі за кошт інфармавання бацькоў аб поспехах і праблемах дзіцяці. Зацвярджэнне новай педагагічнай парадыгмы актыўнага выхавання і павышэння педагічнага патэнцыялу сям’і патрабуе пераходу да мадэлі развіцця актыўнай маральнай свядомасці, пачуццяў, правільных паводзін дзіцяці і дарослых. Гэта наглядна прадэманстравала  мнагадзетная сям’я Цішкевіч, мама і яе трое дзяцей  у вельмі цікавай форме прадставілі сваю візітоўку. Ужо з гэтага бачна, што ў гэтай сям’і існуе поўнае ўзаемаразуменне, выпрацоўваюцца пэўныя традыцыі.



А затым педагогі гімназіі паказалі майстар-класы: фрагмент пазакласнага ўрока па тэме «Мой родны кут» у 4 класе правяла настаўніца пачатковых класаў гімназіі Н.І. Сачанка; у Краіну Дабрадзейнасці запрасіла прысутных настаўніца пачатковых класаў гімназіі Н.М. Савянок; намеснік дырэктара гімназіі  С.С. Карась прэзентавала творчыя праекты сваіх выхаванцаў; фрагмент факультатыўных заняткаў «У свеце колеру» у 2 класе правяла настаўніца выяўленчага мастацтва В.М. Раманенка, сацыяльную рэкламу «Экалагічны бумеранг» дзеля ажыццяўлення пераемнасці ў сацыяльна-арыентаванай дзейнасці вучняў першай і другой ступені навучання падрыхтавала з вучнямі настаўніца хіміі і біялогіі В.П. Варановіч; настаўніца музыкі Л.М. Чарнякова з калегамі і вучнямі паказала фальклорнае свята «Запрашаем на вячоркі». Рэфлексію семінара правяла псіхолаг гімназіі Т.Р. Пінчук. І вельмі прыемна за установу адукацыі Хойнікшчыны – работа гімназіі па ўсіх аспектах семінара-практыкума заслужыла ад удзельнікаў мерапрыемства самыя высокія ацэнкі.



Вядома, калі дачнік вырошчвае культурныя расліны, яму трэба прыкладваць пастаянныя неаслабныя намаганні па догляду за імі. А калі ён не будзе даглядаць участак хаця б два-тры гады, то месца гэтае зарасце бур’янам і чартапалохам. Так і душы дзіцячыя – калі іх не засяваць насеннем дабра, у іх хутка пышным колерам расцвіце ядавітае пустазелле раўнадушша, цынізму, жорсткасці. Вось чаму так важна пашыраць сетку гурткоў, факультатываў эстэтычнага цыкла ва ўстановах адукацыі, як гэта робіцца ў нашым раёне, і вельмі добра, што вопыт хойніцкіх педагогаў становіцца агульным здабыткам.


 


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *