Чалавек і яго справа


Як шкада працавітую, добрую  Папялушку!.. Але ж пакуты ўсе яе заканчваюцца, калі прынц нарэшце знаходзіць чаравічак. Якая нядобрая Ліска: выгнала Зайчыка з ягонай хаткі!.. І зноў жа дабро перамагае зло.

Затаіўшы дыханне, малышы слухаюць казкі, на якіх выхоўваліся іх бацькі і дзяды, ловяць кожнае слова сваёй выхавальніцы Тамары Пятроўны Баглей. А яшчэ яны разам  лепяць з пластыліну тых казачных герояў, робяць розныя вырабы, малююць, вучаць вершыкі, спяваюць песенькі… Усё гэта сур’ёзна, з дзіцячай непасрэднасцю. Назаўсёды застанецца ў іх сэрцы  казка, у якой нават немагчымае становіцца магчымым. І, стаўшы дарослымі, будуць  праводзіць беспамылковую мяжу паміж добрым і дрэнным, паміж шчодрасцю і сквапнасцю, шчырасцю і хітрыкамі.

Кожную раніцу сустракае Тамара Пятроўна іх – выхаванцаў малодшай групы Веляцінскай базавай школы-сада, вітае іх, а пасля выхадных абавязкова запытаецца, як прайшлі яны. Дваццаць дзяцей у групе: з вёсак Пудакоў, Звяняцкае, Веляцін.

Мне часта даводзіцца прыводзіць сваю ўнучку Паліну ў садзік. Бачу з якой радасцю бягуць малышы да сваёй выхавальніцы. І не раз падумалася, што выбрала сабе прафесію Тамара Пятроўна па прызванню.

 Пасля заканчэння ў 1994 годзе Лоеўскага педвучылішча па размеркаванню прыехала яна, настаўніца малодшых класаў, у Веляцінскую школу. Доўгі час працавала з групай падоўжанага дня, а аднойчы давялося падмяніць захварэўшую выхавальніцу ў дзіцячым садзе. Дырэктар школы, паназіраўшы, зрабіла вывад: “Выдатна ў вас, Тамара Пятроўна, атрымліваецца, тут ваша месца”.

І сапраўды, выхаванцаў сваіх любіць як і родных дзяцей, якіх у Т.П. Баглей трое. Пастаянна малышы чым-небудзь заняты, кожны рабочы дзень у выхавальніцы праходзіць па загадзя складзенаму плану. 

 Задаволены бацькі, не хвалююцца за сваіх нашчадкаў пакуль знаходзяцца на працы. І, думаецца, вышэйшая пахвала для выхавальніцы, калі дзеці, як мая ўнучка, гавораць: “Я хачу такую прычоску як у Тамары Пятроўны, а калі вырасту, таксама буду выхавальніцай”.


 Г. ГРАМКОВА, жыхарка в. Веляцін.
На здымку: Т.П. Баглей з выхаванцамі.
Фота Уладзіміра СЯМЁНАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *