Прычын для панікі няма


Другая палова мінулага тыдня ў нашай краіне адзначана  ажыятажна ўзросшым попытам на спажывецкім рынку. Невядома адкуль папаўзлі чуткі аб шматразовым павышэнні цэн на харчовыя і прамысловыя тавары, і народ ламануўся ў магазіны запасацца наперад. Сітуацыю тлумачыць першы намеснік старшыні райпо Тамара Паўлаўна САХАНЬКОВА.



– У магазінах нашага раёна на мінулым тыдні таксама назіраўся ажыятажны попыт на харчовыя і нехарчовыя тавары. У асноўным людзі бралі крупы і макаронныя вырабы, алей, соль і цукар, з прамысловых тавараў больш закуплялі складанабытавую тэхніку і мэблю. У выніку рэалізацыя тавараў у буйных магазінах узрасла ўдвая.



Запасаў таварнай масы ў раёне хапіла для таго, каб у поўнай меры забяспечыць узросшы спажывецкі попыт. Тым не менш, мы прынялі дадатковыя меры: мабілізавалі работу аўтатранспарту і павялічылі завоз прадуктаў і прамысловых тавараў у магазіны. І ўжо да нядзельнага дня попыт адчувальна пайшоў на спад.
Тавары ў нашы магазіны аператыўна завозяцца з Гомельскай універсальнай базы і Калінкавіцкай міжрайбазы аблспажыўсаюза.



Што датычыць солі, то ажыятаж на гэты прадукт мог узнікнуць яшчэ і таму, што на Мазырскім заводзе па яе выпуску на нейкі час была спынена галоўная тэхналагічная лінія, таму ў магазіны паступала ўкраінская соль, а імпартныя прадукты заўсёды даражэй айчынных. У апошнія 3 дні мінулага тыдня ў хойніцкія магазіны дадаткова завезена 17 тон солі, у асноўным мазырскай і часткова ўкраінскай вытворчасці.



Узросшы да ажыятажнага попыт можна растлумачыць яшчэ і зменамі ў дзяржаўнай палітыцы цэнаўтварэння. Зараз звужаны спіс сацыяльна значымых тавараў, на якія ажыццяўляецца дзяржаўнае рэгуляванне цэн. На сённяшні дзень у ім застаюцца малако, хлеб масавых сартоў, вагавы цукар, дзіцячае харчаванне і некаторыя іншыя. Такі крок урада тлумачыцца тым, што ў рэалізацыю цяпер паступае менш імпартных тавараў (а цэны на іх пастаянна растуць, што звязана з нестабільнасцю на валютным рынку) і больш беларускіх, якія на парадак дзешавей замежных. Аднак абвальнага (у 2-3 разы) павышэння цэн не было і не прадбачыцца – на беларускія тавары яны ў сярэднім выраслі на 10-18 %.



На заканчэнне яшчэ раз паўтару: сёння раён поўнасцю забяспечаны таварнай масай, а недастаючыя тавары своечасова завозяцца ў гандлёвыя кропкі. Прычын для панікі не існуе.



Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *