Вакол яго заўсёды верціцца жыццё


Не перастаеш здзіўляцца таму, якія фортэлі выкідвае чалавеку яго лёс: як у калейдаскопе змяняюцца часы, гарады і нават краіны, палітычныя сістэмы, умовы і абставіны. Згадзіцеся, для таго, каб умясціць усё гэта, зусім мала аднаго чалавечага жыцця, якое ляціць так незаўважна хутка. А вось для жыхара нашага горада Анатолія Іванавіча Добыша ўсё пералічанае вышэй стала фактамі, з якіх складвалася яго багатая на падзеі біяграфія.



Нарадзіўся ён у першы дзень лета 1926 года ў мнагадзетнай сялянскай сям’і ў вёсцы Ліствін. Анатолій быў у сям’і трэцім пасля дзвюх сясцёр і з’яўляўся старэйшым для яшчэ пяці братоў і малодшай сястры Марыі. Вучыўся ў Паселіцкай школе, у якой ў 1941 годзе закончыў 8 класаў. Далейшыя яго планы, як і мары аб будучым мільёнаў савецкіх людзей, 22 чэрвеня бязлітасна парушыла Вялікая Айчынная вайна. Яе страшны подых сям’я Добышаў адчула ўжо ў самыя першыя дні акупацыі, калі ў ліпені 41-га немцы расстралялі бацьку. Іван Клімавіч працаваў загадчыкам Ліствінскай фермы, быў у ліку сельскіх актывістаў. Яму ў першыя дні вайны і даручылі эвакуацыю калгаснай жывёлы, а калі вярнуўся дамоў, нехта данёс аб гэтым немцам. Магчыма, афіцэры палявых часцей вермахта і не звярнулі б на яго асаблівай увагі, аднак франтавыя часці рушылі далей на ўсход, а прыгавор камандзіра атрада карнікаў, што прыбылі ў Паселічы для зацвярджэння «новага парадку», быў кароткім: расстрэл.



Па праву старэйшага брата абавязкі галавы сям’і леглі на плечы 15-гадовага Анатолія. На ўсё далейшае жыццё з тых цяжкіх дзён і да дня сённяшняга пачуццё адказнасці не толькі за сябе, але і за іншых, стала дамінуючым у яго характары.
Жыццё ўскладнялася яшчэ і тым, што ў сямейнай гаспадарцы Добышаў не было свайго каня, даводзілася браць яго ў суседзяў і, у адплату, забяспечваць неабходным не толькі сваю, але і іх сям’ю, якая таксама засталася без дарослага мужчыны. Падлеткам і касіў, і араў, уручную малаціў цэпам збожжа, узімку сёк і вазіў лес на дровы – і ўсё гэта на дзве сям’і.



Так працягвалася да лютага 1943 года. Нашы войскі ўжо перайшлі ў контрнаступленне пад Сталінградам, адкінулі ворага з паўднёвых рубяжоў СССР і захапілі стратэгічную ініцыятыву ў свае рукі. Таму і пачалі лютаваць фашысты на акупіраваных тэрыторыях. Сярод іншых карных акцый рэзка павялічылася колькасць адпраўленых у Германію маладых людзей. Пад гэтае кола трапіў і лёс 16-гадовага Анатолія Добыша. Разам з яшчэ 5 юнакамі-аднавяскоўцамі і тысячамі іншых беларускіх юнакоў і дзяўчат яго вывезлі спачатку ў Польшчу, а потым накіравалі ў Германію. Усяго ў дарозе былі каля тыдня, на працягу якога не кармілі, падсілкоўваліся толькі сухарамі, якія немцы дазволілі ўзяць з сабой.



Такім чынам трапіў Анатолій у невялікі горад Дзюрэн, што ў 30 кіламетрах ад Кёльна. З ранку і да позняга вечара батрачыў беларускі юнак на гароднінных плантацыях нямецкага баўэра. Праўда, пашанцавала яму з гаспадарамі: пажылая нямецкая пара (яму 77 гадоў, ёй – 68) у цэлым нядрэнна ставілася да свайго юнага работніка.
У красавіку пераможнага 1945 года вызваленне прынеслі амерыканцы. У лагеры для прымусовых перасяленцаў агітавалі за пераезд за акіян, у ЗША, Канаду, Аўстралію. Але намеры юнака былі цвёрдымі – толькі дамоў. Аднак надышоў прызыўны ўзрост і Анатолія Добыша накіравалі ў войскі Паўночнага флоту. Дамоў ён вярнуўся толькі ў канцы лета 1945 года: у лютым 1943 года з Ліствіна ён пайшоў 16-гадовым юнаком, а праз 4 гады вярнуўся ў бацькоўскі дом ужо сталым мужчынам, які многае пабачыў і перажыў за гэтую кварту год. З гэтага часу і звязаў Анатолій Іванавіч свой далейшы лёс з работай на зямлі. Спачатку працаваў у мясцовым калгасе імя Молатава, а потым паступіў на дзённае аддзяленне Мар’інагорскага сельгастэхнікума, пасля заканчэння якога атрымаў дыплом агранома.



Пасля гэтага А.І. Добыш доўгі час быў заняты ў сельскай гаспадарцы раёна. Талковага  і ведаючага спецыяліста, умелага кіраўніка і арганізатара паважалі людзі, цаніла партыйнае кіраўніцтва. Яго зорны час у сельгасвытворчасці прыпаў на перыяд з 1966 па 1971 год, калі Анатолій Іванавіч узначаліў калгас імя Калініна і зрабіў яго адной з лепшых гаспадарак раёна. З лютага 1957 года ён быў тут галоўным аграномам, паспеў завочна закончыць Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках і ўсе атрыманыя тэарэтычныя веды імкнуўся шырока прымяняць і выкарыстоўваць на практыцы.



– У той час, – успамінае ветэран, – адзін наш калгас высаджваў столькі бульбы, колькі сёння садзіць увесь раён – 350 гектараў.
Таксама сеялі жыта, пшаніцу, проса, авёс, лён, буракі, кукурузу, іншыя традыцыйныя для раёна сельгаскультуры. Хаця тэхніка, вядома, была такой, што не параўнаць з сённяшняй. Багатым было пагалоўе БРЖ (адных толькі кароў – больш тысячы), ўтрымлівалі 3 свінафермы, разводзілі авечак і птушку.
Поспехі гаспадаркі і яе кіраўніка былі заўважаны спачатку на рэспубліканскім, а потым і ўсесаюзным узроўні: у 1969 годзе А.І. Добыш быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, а ў 1971 годзе – Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.



У тым жа годзе лёс прапанаваў яму новы паварот: Добыша прызначылі дырэктарам Хойніцкага кансервавага завода. Да яго прыходу прадпрыемства не вызначалася дасягненнямі ў вытворчай і сацыяльнай сферы, мяняліся кіраўнікі і работнікі, «кульгала»  вытворчая база.
– Першачарговай сваёй задачай я паставіў механізацыю працаёмкіх працэсаў, – працягвае свае ўспаміны Анатолій Іванавіч. – Пасля яе вырашэння паўстала пытанне стварэння ў саўгасе «Судкова» цэнтралізаванай сыравіннай базы для новай тэхналагічнай лініі па выпуску кансерваванага зялёнага гарошку. У яго вырашэнні насустрач пайшоў былы дырэктар гаспадаркі А.І. Обухаў. У выніку з гадавых 4 мільёнаў умоўных слоікаў гарошку, якія выпускаліся ў Беларусі, на долю нашага завода прыпадала роўна палова – 2 мільёны. А саўгас з адходаў гарошку атрымліваў выдатны корм. Гэты вопыт доўга прапагандавалі ў рэспубліцы.



У гарачы летні час прадпрыемства працавала ў тры змены, завод спынялі толькі па святах. За сезон мы перапрацоўвалі 2,5 тысячы тон яблык, 500 тон капусты, 350 тон буракоў, 300 тон морквы, 500 тон бульбы, столькі ж зялёнага гарошку, ад 500 да 700 тон памідораў, 250 тон кабачкоў і каля тысячы тон бярозавага соку.
Ці не праўда, уражваючую статыстыку прыводзіць герой гэтай публікацыі. Прычым і сёння ён памятае яе да падрабязнасцей, такая ўжо ўласцівасць памяці –надоўга і дэталёва захоўваць усё тое, чаму прысвяціў частку свайго жыцця. Кансервавым заводам кіраваў Анатолій Іванавіч Добыш да самага выхаду на пенсію ў незабыўным 1986 годзе. Пасля аварыі ў Чарнобылі завод пачаў марнець, а потым яго і наогул закрылі, што цяжка перажываюць і зараз усе яго ветэраны.



У сямейным жыцці А.І. Добыша таксама ўсё склалася. 40 гадоў у ладзе і згодзе пражыў ён з жонкай, настаўніцай роднай мовы і літаратуры Васілінай Конанаўнай, якая ўвесь гэты час забяспечвала сямейны тыл гэтага нешматслоўнага, заўсёды занятага на рабоце чалавека. Памёрла яна ў 1994 годзе, але паспела дачакацца ўнукаў і ўнучку ад дачкі Людмілы і сына Леаніда, якія зараз пражываюць у Мінску. А вось самому Анатолію Іванавічу пашчасціла дачакацца і праўнукаў.
Сёння Анатолію Іванавічу спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння. Вось што гаворыць аб юбіляры яго сын Леанід Анатольевіч, загадчык аддзела НДІ Міністэрства па прыродных рэсурсах і ахове навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь:



– Для мяне бацька з дзяцінства з’яўляецца прыкладам мэтанакіраванасці, прынцыповасці і абавязковага давядзення да лагічнага завяршэння любой справы – як на вытворчасці, так і ў хатніх справах. Ён – чалавек энцыклапедычных ведаў, высокай адукаванасці і культуры, чалавек, вакол якога заўсёды круціцца жыццё, дзе б ён не з’явіўся – на рабоце, адпачынку і нават дома.
Згадзіцеся, такую ацэнку, напэўна, кожны з нас хацеў бы пачуць з вуснаў сына. З юбілеем Вас, Анатолій Іванавіч!


 


Віктар НАЗАРАНКА.    



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *