Гаспадарка ўласная – карысць агульная


У забеспячэнні харчовай бяспекі краіны вялікая ўвага надаецца развіццю прыватнага сектара сельскай гаспадаркі. Сёння дзяржава ўсяляк заахвочвае і падтрымлівае ініцыятыву грамадзян, якая ўвасабляецца ў самых розных формах гаспадарання на зямлі – сялянская фермерская гаспадарка, прыватная падсобная гаспадарка, арандатарства, садаводчае таварыства, сельгасарцель, кааператыў і гэтак далей.



Нездарма бягучы год у краіне праходзіць пад знакам прадпрымальніцтва. Людзям, якія выказалі жаданне працаваць на зямлі, дзяржава дапамагае крэдытамі і пазыкамі, на першы час вызваляе іх ад некаторых падаткаў, дапамагае ў вырашэнні пытанняў выдзялення ўчасткаў, сельскагаспадарчага будаўніцтва, набыцця тэхнікі. Галоўнае сёння – мець насычаны прапановай харчовы рынак сельскагаспадарчай прадукцыі. У канчатковым выніку выгада атрымліваецца ўзаемная: дзяржава атрымлівае дапамогу ў вырашэнні пытанняў харчовага забеспячэння і занятасці насельніцтва, а індывідуалы, якія працуюць у сферы сельгасвытворчасці, не толькі самастойна кормяць свае сем’і, але і маюць ад гэтага даход і сродкі на існаванне. Таму і расце колькасць жадаючых самастойна працаваць на зямлі. Вось і ў вёсцы Клівы на сённяшні дзень 3 чалавекі займаюцца цяплічнай гаспадаркай. Пра мясцовага фермера, дэпутата раённага Савета дэпутатаў Васілія Рыгоравіча Баранава наша газета расказвала ўжо не раз і менавіта ён параіў напісаць пра В. У. Цімафеева.



У вёску Клівы Віктар Цімафееў прыехаў разам бацькамі ў 1992 годзе з далёкага сібірскага горада Ачынска. У нашых мясцінах нарадзіўся айчым Віктара – Рыгор Аляксеевіч, у ліхія 90-ыя ён і прапанаваў сям’і пераехаць на Хойнікшчыну. Тут юнак закончыў Паташэнскую школу, Хойніцкае ДПТВ-183, а затым Рэчыцкі сельскагаспадарчы каледж. Спачатку працаваў брыгадзірам аддзялення «Клівы» у былым сельгаспрадпрыемстве «Хойніцкае», потым – у сялянскай фермерскай гаспадарцы А.В. Гардзіенкі «Усход-Хойніцкі». Апошнія 4 гады Віктар Уладзіміравіч займаецца ўласнай падсобнай гаспадаркай.



Набыў сабе дом і ўчастак на 50 сотак, на якім паставіў 3 цяпліцы, дзе зараз разам з жонкай Вольгай Леанідаўнай вырошчваеюць агуркі, памідоры, цыбулю, капусту, кабачкі. Цяплічная гаспадарка – справа хаця і рэнтабельная, але вельмі працаёмкая. Парніковым раслінам неабходна забяспечыць і пастаянна падтрымліваць належны тэмпературны і вільготны рэжым, кожную расліну трэба своечасова высадзіць, вырасціць, падвязаць, апрацаваць, падкарміць мікраэлементамі (асабліва любяць гэта агуркі), апырскаць для належнага апылення. Адным словам, работы – непачаты край. Увагі і клопату патрабуюць не толькі парніковыя, але і тыя расліны, якія высаджваюцца ў грунт: на градках роўнымі радкамі падрастаюць і набіраюць сілу тыя ж капуста, кабачкі, агуркі, памідоры грунтавых сартоў. Дапамагаюць спраўляцца з усёй гэтай гаспадаркай маці Вера Віктараўна і айчым Рыгор Аляксеевіч, які зараз працуе зваршчыкам ў сельгаспрадпрыемстве «Судкова». Яшчэ адна памочніца падрастае ў асобе 5-гадовай непаседы – дачкі Наташкі.



За насеннем гароднінных культур даводзіцца ездзіць у самы агуркова-клубнічны раён Беларусі – Столінскі. Тут можна набыць не толькі выдатнае галандскае насенне на будучы сезон, але і атрымаць адказы на многія пытанні ад вопытных столінскіх агароднікаў.



Хаця і самому Віктару Уладзіміравічу ў сэнсе ведаў і набытага вопыту ўжо таксама ёсць чым падзяліцца з пачынаючымі калегамі. Сваю гаспадарку ён паступова пашырае і зараз вырошчвае каля 40 свіней, трымае курэй і карову, якая нядаўна ацялілася.



Такім чынам, гэтая сям’я сёння здольна цалкам забяспечыць сябе асноўнымі прадуктамі харчавання. І не толькі задаволіць свае патрэбы, але і пастаўляць на харчовы рынак такую неабходную для людзей вітамінную прадукцыю.



Віктар НАЗАРАНКА. 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *