Узляцець над мітуснёй


Нават не прыпомніць сёння Яўгеній Яўгеньевіч Керус, калі ўзнікла ў яго цікавасць да тэхнікі, бо з ранняга дзяцінства прывык ён нешта майстраваць, удасканальваць, вынаходнічаць. Не заўсёды гэтыя вопыты заканчваліся дабром, і ўсё ж бацькі Яўгеній Майсеевіч і Галіна Паўлаўна не пярэчылі тэхнічным схільнасцям сына.

Свой першы агрэгат – аэрасані ён сканструяваў у 1987 годзе. Зімы тады былі па-сапраўднаму марознымі, снегу хапала і ў полі за вуліцай Спартыўнай, непадалёку ад якога стаіць дом Керусаў у Хойніках, і ў навакольных лясах, у якіх любілі папаляваць бацька з сынам.

Удосталь нацешыўшыся сваім вынаходніцтвам, аддаў Яўгеній Керус свае першыя санкі з маторам захопленай ад такога падарунка дзетвары. Другія аэрасані, таксама ўласнай канструкцыі, праслужылі даўжэй. Аднак з часам захапленне хуткасцю і скоранай снежнай прасторай саступіла месца куды больш утылітарным меркаванням і пачуццям: ператварыліся аэрасані ў кампактны і зручны мотаблок для апрацоўкі глебы, які служыць гаспадару і да сённяшняга дня.

Мы размаўляем з Яўгеніем Яўгеньевічам на падворку бацькоўскага дома, дзе ў яго абсталявана майстэрня. Колькі ж тут можна знайсці ўсякай усячыны! І рэшткі старых рухавікоў ад матацыклаў, бензапіл, бетонамяшалак, сталёвыя, алюмініевыя, жалезныя трубы, нейкія іншыя мудрагелістыя металічныя канструкцыі…

– Усё гэта павінна было ржавець на смеццязвалках, – гаворыць Я.Я. Керус, – але, падумаўшы, для кожнай жалязякі можна знайсці разумнае прымяненне.

І словы яго не разыходзяцца са справай: сёння ў гаражы вынаходніка стаяць яшчэ адны аэрасані, мотаблок, культыватар і акучнік (усё на ўласным ходзе), іншыя агрэгаты, чыё прызначэнне вядома толькі самому іх аўтару.

Зараз Яўгеній Яўгеньевіч працуе над канструкцыяй дэльтаплана, а яшчэ ў яго задумках – аўтажыр. Так называецца тэхнічны гібрыд самалёта і верталёта, які можа ўздымацца ў паветра на вышыню 2000 метраў і развіваць хуткасць да 200 кіламетраў у гадзіну.

– Неба вабіць да сябе даўно і моцна, – дзеліцца сваёй марай Яўгеній Яўгеньевіч. – Гэта ж ні з чым не параўнальна – узняцца над зямной мітуснёй, нарошчваць і нарошчваць хуткасць, якой у вышыні не перашкаджаюць ні слупы, ні дрэвы, ні сустрэчны транспарт, ні пасты ДАІ. Пры гэтым арганізм атрымлівае такую дозу адрэналіну, якую не заменяць ніякія іншыя вострыя адчуванні.

Што ж, марыць не шкодна. Хутчэй наадварот, асабліва, калі ў чалавека для рэалізацыі гэтай мары ёсць усе магчымасці, здольнасці і талент.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *