Спакой толькі сніцца

Сельское хозяйство

Восень – самы гарачы і напружаны час для працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Здавалася б, толькі-толькі можна перавесці дух, уздыхнуць з палёгкай пасля завяршэння жніва, але восеньскае поле ўжо прыспешвае: не спі, хлебароб, час сеяць азімы рапс і азімыя збожжавыя! А там і кукуруза паспела: спачатку на сілас і зялёны корм, потым – на зерне, у самым разгары вывазка саломы і лусканне іржышча. Нават ад аднаго толькі пераліку сельгасработ у чалавека недасведчанага можа пайсці кругам галава…

Але ў нашых сельгаспрадпрыемствах працуюць людзі спрактыкаваныя і вопытныя. І таму гаспадаркі раёна паспяхова спраўляюцца з усім комплексам восеньскіх сельскагаспадарчых работ. Аб іх ходзе расказвае першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Жанна Яўгеньеўна Бажок.
– Так, восень і сапраўды вельмі важны і адказны перыяд года – менавіта ў гэтыя вераснёўскія і кастрычніцкія дні закладваецца трывалая кармавая база для будучай зімоўкі грамадскага пагалоўя, а таксама падмурак ураджаю будучага года – маю на ўвазе сяўбу азімага рапсу і азімых збожжавых. Усё гэта патрабуе ад кожнага працаўніка сельскай гаспадаркі – ад кіраўнікоў і спецыялістаў да механізатараў і рамонтнікаў максімальнай канцэнтрацыі сіл, аддачы і эфектыўнасці намаганняў.
Яшчэ ў час жніва сельгаспрадпрыемствы раёна пачалі ўборку саломы, праводзячы яе на вызваленых ад збожжавых культур палях. Потым надыйшла чарга лушчэння іржышча – эфектыўнага і вельмі карыснага агратэхнічнага прыёму, які дазваляе не толькі ачысціць землі ад пустазелля, але і спрыяе далейшай падрыхтоўцы глебы пад азімую сяўбу. Тут наперадзе ўсіх механізатары сельгаспрадпрыемства «Судкова», у якім лушчэнне іржышча выканана ўжо на 67% плошчаў.
Не дзіўна, што менавіта ў гэтай гаспадарцы (яна, дарэчы, мае і самую вялікую плошчу пад сяўбу азімых збожжавых культур – 3760 га) больш за астатніх пасеяна (у працэнтах – 43, у гектарах – 1550) і падрыхтавана глебы. Слоў пахвалы за актыўнасць і разваротлівасць заслугоўваюць таксама працаўнікі эксбазы «Стралічава». Паскорыць тэмпы работ на азімай сяўбе неабходна ў сельгаспрадпрыемствах «Аравічы» і «Веляцін», ААТ «Хойніцкі Аграсервіс». У кожнай з названых гаспадарак свае праблемы: у адных – неналежная падрыхтоўка сельскагаспадарчай тэхнікі, з-за чаго яна часта ламаецца і выходзіць са строю (КСУП «Веляцін»), у іншых зладжанаму рытму работ перашкаджае дрэнная якасць падрыхтоўкі глебы. Важна, каб гэтыя недахопы не засталіся простым успамінам, а каб з іх былі зроблены належныя вывады на будучае.
Усяго ж па раёну, па стану на 22 верасня, пасеяна 4622 гектара з 17560 га па плану (26%). Адзначу, што сяўба вядзецца ў адпаведнасці з усімі патрабаваннямі тэхналогій: насенне кладзецца ў запраўленую мінеральнымі тукамі і арганічнымі ўгнаеннямі глебу, сеем пратручаным насеннем эліты і суперэліты (сельгаспрадпрыемствы імя Мележа і «Судкова»), а таксама першай і другой рэпрадукцый.
Яшчэ адзін важны напрамак восеньскіх палявых работ – уборка кукурузы і нарыхтоўка кармоў. Гэты год парадаваў нас добрым ураджаем самай каштоўнай кармавой культуры нашых палёў. Сярэдняя ўраджайнасць кукурузы на сілас па раёну пакуль што складае 229 цэнтнераў з гектара. Параўнайце гэтую лічбу з леташняй – 143 ц/га – і вы адчуеце вялікую розніцу. Гэта – не толькі вынік спрыяльных умоў надвор’я, але і таго, што вясной і летам намі ўсё была зроблена правільна: якасная сяўба, аптымальныя яе тэрміны, належны догляд за пасевамі. Таму сёння мы маем рэальны шанц закласці выдатную кармавую базу для будучай зімоўкі жывёлы. Як таго і патрабуе тэхналогія, нават ноччу не сціхаюць магутныя трактары і пагрузчыкі на сіласных траншэях, безупынна вядучы трамбоўку зялёнай масы. Таму кожны дзень тут і там закрываюцца ёмістасці з багатым на пратэіны кукурузным сіласам.
Па стану на 22 верасня ўбрана 34% плошчаў кукурузы на сілас, усяго нарыхтавана 66687 тон кукурузнага сіласу (план – 123924 т). Адзначу, што і тут наперадзе механізатары «Стралічава» і «Судкова», як на ўборцы кукурузы, так і па тэмпах нарыхтоўкі кукурузнага сіласу.
Па-ранейшаму працягваюцца работы па нарыхтоўцы травянога сенажу і сена.
Словы ўдзячнасці хацелася б сказаць работнікам раённага выканаўчага камітэта, а таксама арганізацый і служб (у тым ліку – і рэдакцыі «Хойніцкіх навін») за дапамогу ў нарыхтоўцы кармоў, у адпаведнасці з рашэннем райвыканкама № 187-Р ад 29 жніўня 2017 года. Свой несумненны плён яно прынесла, дапамога гараджан стала эфектыўнай.
Прыступілі да ўборкі кукурузы на зерне і насенне, рыхтуемся да пачатку работ па ўздыму зябліва. Адным словам, напружанне на восеньскіх палях не спадае, і пакой нам сёння толькі сніцца.

Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *