Экспартны патэнцыял павялічаны


Сёння, калі краіне востра патрэбна валюта, рэзка ўзрастае значэнне стабільнай і рытмічнай работы прадпрыемстваў, прадукцыя якіх накіроўваецца на экспарт. У нашым раёне адным з такіх пастаўшчыкоў валюты ў казну дзяржавы з’яўляецца Палескі ўчастак ААТ «Малочныя прадукты». Яго малочную прадукцыю ахвотна закупляюць гандлёвыя арганізацыі Расіі і краін СНД. Казеін – рэчыва, якое шырока выкарыстоўваецца у харчовай прамысловасці, парфумерыі і іншых тэхнічных мэтах, прадпрыемства пастаўляе ў краіны Прыбалтыкі, ЗША, Германію і Польшчу.



Вытворчая магутнасць лініі па выпуску казеіну складала 4200 тон у суткі. А нядаўна адбыўся пуск яшчэ адной, дадатковай тэхналагічнай лініі, разлічанай на выпуск  3 тон казеіну высокай якасці. Новае абсталяванне размясцілася на вызваленых вытворчых плошчах раней закрытага цэха па выпуску цэльнамалочнай прадукцыі. Такім чынам, у рабоце зараз адначасова задзейнічаны 2 тэхналагічныя лініі па выпуску казеіну, які на знешнім рынку рэалізуецца па цане 9200 долараў ЗША за тону.



На бліжэйшы час намечана і рэканструкцыя вытворчасці цвёрдых сыроў. Ужо ў жніўні на прадпрыемства павінна паступіць першая партыя абсталявання ў новы сыраробны цэх. А ў верасні пачнецца дэмантаж ранейшай тэхналагічнай лініі і мантаж новай, што дазволіць значна павялічыць выпуск цвёрдых сыроў. На прадпрыемстве разлічваюць, што запуск новага абсталявання ў вытворчы працэс павінен адбыцца ў апошнім месяцы года. Чым не прыемная навіна для многіх аматараў папулярных сартоў хойніцкіх сыроў, такіх як «Эмілорд», «Манастырэцкі», «Сметанковы» і іншыя?



Акрамя таго, мадэрнізацыя вытворчасці дазволіць прадпрыемству перапрацоўваць намнога болей тон малака, чым гэта было да яе пачатку.


 


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *