Залежыць ад чалавека

Сельское хозяйство

Няпроста праходзіць сёлетні пашавы перыяд утрымання жывёлы ў гаспадарках раёна. Ён і пачаўся з таго, што грамадскі статак цяжка перанёс недахоп кармоў у канцы зімова-стойлавага перыяду. І толькі-толькі пачала адкормлівацца жывёла на свежых зялёных выпасах і пашы, як навалілася майска-чэрвеньская спякота. На некаторых малочнатаварных фермах гаспадарак (Веляцінская і Ліствінская МТФ КСУП «Веляцін», Віцьеўская і Храпкаўская МТФ КСУП «Аравічы») з-за гэтага дойны статак паставілі ў жывёлагадоўчыя памяшканні, у сельгаспрадпрыемстве «Велікаборскі» жывёлу ўтрымліваюць у стацыянарным летнім лагеры, а ў ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» дойны статак Забалацкай фермы таксама пераведзены ў летні лагер, абсталяваны кашарамі і кармушкамі.



Што датычыць сельгаспрадпрыемства «Аравічы», то ў Храпкаве 294 галавы жывёлы пастаўлены ў памяшканне новага жывёлагадоўчага комплексу на 600 галоў, хаця будаўнічыя работы на гэтым аб’екце яшчэ працягваюцца.



Зараз жывёла ў гаспадарках раёна атрымлівае кармавыя зялёныя сумесі, якія ў роўных прапорцыях змешваюцца кормараздатчыкамі са шматгадовых траў і бабовых культур, у рацыён дойнага статка ўваходзіць і камбікорм. З месц, дзе даенне кароў праводзіцца пры дапамозе перасоўных даільных установак, атрыманае малако адразу дастаўляецца малакавозамі на бліжэйшыя фермы, абсталяваныя халадзільнікамі.



Ва ўмовах спякоты аптымальнай з’яўляецца франтальная пасьба жывёлы, якую мы ўкараняем зараз у сельгаспрадпрыемствах раёна. Для гэтага спачатку правялі семінар з кіраўнікамі і галоўнымі заатэхнікамі гаспадарак на базе Езапоўскай малочнатаварнай фермы агракамбіната Віць, а потым арганізавалі яшчэ тры такія мерапрыемствы на базе іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна.



Франтальная пасьба дазваляе давесці спажыванне зялёнага корму каровамі да 60 кілаграмаў на галаву, а ў такіх гаспадарках, як «Веляцін», «Аравічы» і «Судкова», гэты паказчык яшчэ большы – да 80 кілаграмаў на галаву. І ўсё ж канчатковы вынік у вытворчасці малака ў многім залежыць ад чалавека. Напрыклад, у сельгаспрадпрыемствах зараз працуюць па дзве змены даглядчыкаў жывёлы. Вынікі іх работы розныя нават у межах адной гаспадаркі: калі заступае змена людзей адказных і добрасумленных, то і каровы атрымліваюць дастаткова корму, што потым станоўча адбіваецца на паказчыках валавых надояў і надояў ад каровы. І наадварот – пры адносінах да работы «спусціўшы рукавы», адпаведныя атрымліваюцца і лічбы надояў.



Амаль ва ўсіх гаспадарках раёна забяспечаны рэгулярны падвоз вады і солі да месц утрымання жывёлы, што немалаважна, бо ў спякоту за суткі каровы спажываюць ад 60 да 100 літраў вады. Аднак праблемы з падвозам вады ўзніклі ў агракамбінаце «Віць», дзе элементарна не хапае ёмістасцей.
Са станоўчага боку хацелася б адзначыць арганізацыю пашавага перыяду ўтрымання жывёлы ў сельгаспрадпрыемствах «Аравічы», «Стралічава», «Хойніцкі Аграсервіс» і «Велікаборскі». Не дзіўна, што менавіта гэтыя гаспадаркі ў раёне плюсуюць па вытворчасці малака ў параўнанні з адпаведным мінулагоднім перыядам.



А. ТАЛЬЧУК, галоўны заатэхнік райсельгасхарчу.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *