Культурная спадчына ў імя Памяці


Пра атамную катастрофу, якая 25 гадоў назад накрыла сваім чорным крылом вялікую частку Беларусі, памежных дзяржаў, напісана многа твораў: паэтычных, лірычных, драматычных. Але ў гэтым шэрагу асобна выдзяляецца кніга «Памяць Чарнобыля», напісаная жыхаркай нашага горада В.А. Гацко (на здымку) і выйшаўшая ў свет напярэдадні сумнага юбілею чарнобыльскай аварыі. Выданне стала магчыма дзякуючы фінансавай падтрымцы ПРААН у памеры 7 тысяч долараў пасля перамогі ў конкурсе праектных ініцыятыў, накіраваных на стварэнне спрыяльных умоў для эканамічнага і сацыяльнага развіцця раёнаў, пацярпеўшых ад катастрофы на ЧАЭС.



Скажам адразу: кніга выдадзена на высокім паліграфічным узроўні, які можна параўнаць са сталічным, прываблівае чытача  маляўнічым афармленнем. Да таго ж, прыемна ўсведамляць, што наша Хойнікшчына праяўляе поспехі не толькі ў музейным, тэатральным, песенным мастацтвах, але і ў выдавецкай справе.



Прэзентацыя кнігі прайшла 16 чэрвеня ў памяшканні ДПТВ-183       г. Хойнікі. Глыбока сімвалічна тое, што адкрылі мерапрыемства  Лілія Уладзіміраўна Краўчанка – відавочца тых незабыўных красавіцкіх дзён 1986-га і  навучэнец другога курса ДПТВ Дзмітрый Чыгір, які разам са сваімі равеснікамі, на шчасце, пра чарнобыльскую катастрофу будзе ведаць толькі па кнігах і кінафільмах. 



 Перад прысутнымі выступіла намеснік старшыні Хойніцкага райвыканкама Ж.М. Чарняўская, якая адзначыла, што праз рэалізацыю конкурсных ініцыятыў ПРААН многае змянілася ў дзейнасці ўстаноў Хойнікшчыны ў лепшы бок для выхавання і навучання падрастаючага пакалення.



Прэзентавала кнігу «Памяць Чарнобыля» галоўная гераіня мерапрыемства – Валянціна Афанасьеўна Гацко. Ёй, удзельніку ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, дырэктару музея «Трагедыя Чарнобыля»  пры распрацоўцы канцэпцыі будучай кнігі ўдалося знайсці тое, міма чаго пры асвятленні чарнобыльскай тэматыкі праходзяць прафесійныя літаратары. Шляхам сапраўды тытанічнай паўтарагадовай працы аўтарам дасягнута высакародная мэта – адкрыць новыя, нязведаныя старонкі 25-гадовай даўнасці, паслячарнобыльскага перыяду Хойнікшчыны, якія змясціліся ў шасці раздзелах кнігі: «Чарнобыль у маім жыцці», «Гістарычная хроніка чарнобыльскай трагедыі», «Стварэнне музея», «Трагедыя Чарнобыля», «Боль мой – Чарнобыль», «Гісторыя выселеных вёсак», «Час пакут ззаду. Наперадзе – перыяд адраджэння і развіцця».
Сваю кнігу Валянціна Афанасьеўна акрэсліла як музей «Трагедыя Чарнобыля» ў мініяцюры, бо выкарыстаны пры падрыхтоўцы яе музейныя экспанаты, якіх з часам становіцца ўсё больш. Не кожны чалавек, які пражывае за межамі нашага раёна, можа наведаць музей. А вось узяўшы ў рукі кнігу, кожны можа прасачыць храналогію постчарнобыльскіх падзей.



В.А. Гацко выказала словы шчырай удзячнасці ўсім, хто прымаў удзел у стварэнні гэтай кнігі, падарыла яе экземпляры прафтэхвучылішчу, гасцям мерапрыемства.
Усямерна садзейнічаў стварэнню музея начальнік аддзела культуры райвыканкама В.І. Баранаў. І яго кніга «Попел Чарнобыля стукае ў сэрцы» займае дастойнае месца ў яго экспазіцыі. Выступаючы на прэзентацыі, Валянцін Ігнацьевіч адзначыў, што кніга «Памяць  Чарнобыля» стане дапаможнікам і эфектыўным сродкам у руках ідэолагаў па героіка-патрыятычнаму выхаванню моладзі, да ўвагі чытачоў выданне з’явіцца ў кожнай бібліятэцы нашага раёна, а таксама стане добрым падарункам для прыязджаючых да нас дэлегацый з розных краін свету.



– Так, кнігу «Памяць Чарнобыля» не сорамна дэманстраваць на міжнародным узроўні, – зазначыла, выказаўшы падзяку яе аўтару, каардынатар ПРААН «Ікрын» Святлана Зінкевіч.



Яна заклікала моладзь Хойнікшчыны раскрыць свой творчы патэнцыял на карысць сваёй Радзімы і Беларусі праз крэатыўнасць, энергічнасць, ініцыятыўнасць, напомніўшы вядомую фразу: «Калі хочаш змяніць свет – твары!»



Прэзентацыю кнігі В.А. Гацко «Памяць Чарнобыля» ўпрыгожылі патрыятычныя песні ў выкананні Алега Мядзведзева, Веранікі Махнавец, Алёшы Пюро, Машы Дашкевіч, Вікі Барадулінай – удзельнікаў дзіцячага вакальнага ансамбля «Светлячок» ГЦКіС «Меліяратар». І з вялікім інтарэсам разглядваліся экспанаты выстаўкі «Галасы зніклых вёсак».



Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *