Пераможная чацвёрка


Наведвальнікі  аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, як вядома, людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Аднак гэта не перашкаджае ім весці актыўны лад жыцця, кожны дзень яны ўзнімаюцца хоць на адну прыступку вышэй у сваіх ведах і ўменнях. Гэтаму, у прыватнасці, садзейнічае  ўдзел у шэрагу культурна-масавых мерапрыемстваў. І як яскравы прыклад – рэгіянальны маладзёжны злёт «Палеская вясёлка-2011», які  праводзіўся на працягу двух дзён ва ўрочышчы «Сідзельнікі» на Мазыршчыне.



Да ўдзелу ў конкурсах запрашаліся 16 каманд тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Палескага рэгіёна, у саставе кожнай было па чатыры ўдзельнікі ва ўзросце ад 18 да 31 года.



Ад нашага ТЦСАН на злёт выязджалі  Антон Шалоха, Аляксандр Лягун, Таццяна Чарняўская, Наталля Кладкевіч, якіх суправаджала кіраўнік гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і фларыстыкі С.А. Ляшчынская. Своеасаблівую групу падтрымкі стварылі галоўны бухгалтар ТЦСАН М.У. Навакоўская і вадзіцель А.А. Шчэрбак. Але трэба сказаць, што да  гэтага мерапрыемства   рыхтаваўся ўвесь калектыў сацыяльнай установы, якой былі прадстаўлены палаткі  для пражывання і экіпіроўка каманды.
Кожны член каманды, згодна з умовамі конкурсу, з’яўляўся ўдзельнікам аднаго з чатырох з прапанаваных спаборніцтваў.



Запрашала ў сялянскую хатку, у якой былі сабраны  прадметы старадаўняга беларускага побыту (ступа, дзяжа, маслабойка і інш.), дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (тканыя і вышываныя ручнікі і посцілкі) Наталля Кладкевіч. Таццяна Чарняўская горда крочыла па імправізаванаму подыуму ў арыгінальнай сукенцы, вырабленай з чорных поліэтылыневых пакетаў і прымацаванымі на адзенні ружамі з крэпавай паперы. Прадстаўляў убор нашай удзельніцы Антон Шалоха. Частаваў калег і гасцей мерапрыемства  гаючым  напіткам з рэвеню Аляксандр Лягун. З прывезеных інгрыдыентаў на суд журы была вынесена смачная і арыгінальна аформленая страва – лешч запечаны з гароднінай.
Па ўсіх намінацыях наша чацвёрка ўдзельнікаў увайшла ў лік шасці каманд-пераможцаў. А за гэта на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў з рук дырэктара Мазырскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Л.В. Лобан хойніцкія канкурсанты атрымалі дыпломы, якія папоўнілі творчую скарбонку аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, і памятныя падарункі.


 


Ж. ШЛЁГ, спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *