Каб вопыт перадавы стаў заканамернасцю


28 ліпеня 2011 года пад старшынствам старшыні раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар адбылася адзінаццатая сесія раённага Савета дэпутатаў 26 склікання. У рабоце сесіі прынялі ўдзел: старшыня райвыканкама А.В. Бічан, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар  РНДУП «Інстытут радыялогіі» В.С. Аверын, дэпутат Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў, намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама  В.В. Барысенка, намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама Д.М. Папкоў.



Асноўныя пытанні, якія былі разгледжаны на сесіі, насілі сацыяльную накіраванасць. Безумоўна, стан гандлёвага і медыцынскага абслугоўвання насельніцтва аказвае непасрэдны ўплыў на настрой людзей. І настрой гэты, як паказала анкетаванне жыхароў раёна, праведзенае створанымі рабочымі групамі з ліку дэпутатаў райсавета, павінен насцярожыць кіраўніцтва мясцовага райпо і цэнтральнай раённай бальніцы і падштурхнуць да ўзважаных, даўно наспелых перамен. Рэалізавалі права быць пачутымі каля двух тысяч чалавек. Амаль палова з іх адзначылі грубасць, няўважлівасць работнікаў гэтых галін у зносінах пры звяртанні да іх. Прычым шмат выказванняў з высокім эмацыянальным накалам, з указаннем канкрэтных прозвішчаў тых, хто ў сваіх кабінетах або за прылаўкам не ўмее або не жадае праяўляць увагу, такт, вытрымку і разуменне.  


 
Работа абедзвюх галін у раёне была прызнана недастатковай: праўлення Хойніцкага райпо – па прычыне санітарнага стану магазінаў, якасці рэалізуемай прадукцыі, нізкай культуры абслугоўвання, цэнтральнай раённай бальніцы – па прычыне недастатковых мер па рэгуляванню ў паліклініцы патокаў пацыентаў ва ўмовах дэфіцыту ўрачэбных кадраў, неналежнага стану аддзяленняў кругласутачнага знаходжання і рацыёну харчавання хворых, выпадкаў нізкай культуры абслугоўвання.



Акрамя таго, рашэннем Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў “Аб стане медыцынскага абслугоўвання насельніцтва Хойніцкага раёна” прадугледжана да 1 кастрычніка 2011 года забяспечыць раздзельны прыём пацыентаў, якія паступаюць у прыёмнае аддзяленне на шпіталізацыю, і асоб, дастаўляемых супрацоўнікамі міліцыі на агляд, а таксама сумесна з Хойніцкім райваенкаматам упарадкаваць графік абследавання ўрачамі-спецыялістамі дапрызыўнай моладзі, забяспечыўшы належны прыём хворых у ЦРБ.



У сваім выступленні кіраўнік раёна А.В. Бічан падзякаваў дэпутацкаму корпусу за праведзеную работу пры падрыхтоўцы вынесеных  на разгляд сесіі пытанняў. Канешне, сказаць, што нічога не робіцца ў гэтых напрамках нельга. Але ж да дасканаласці  яшчэ далёка. Усе праблемы ўзняты на паверхню, вызначаны канкрэтныя меры па ўхіленню недахопаў, крытычных заўваг, прычым у галіне гандлю яны датычаць любой формы ўласнасці. У адваротным выпадку будзе ісці размова аб прыпыненні ліцэнзіі на прадастаўленне паслуг.  Канешне, працуюць, вобразна кажучы, залатыя кадры і ў ЦРБ, і ў райпо. Галоўнае зараз, каб вопыт перадавы быў не выпадковасцю, а стаў заканамернасцю.



У працяг тэмы свае заўвагі, прапановы выказалі сенатар В.С. Аверын, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў В.В. Барысенка. Яны нагадалі, што ў краіне дакладна вызначана гандлёвая палітыка, яе неабходна і прытрымлівацца. Да мінімуму скараціць імпарт, да максімуму насыціць прылаўкі айчыннымі таварамі. Месца пад сонцам трэба заваёўваць, і здаровая канкурэнцыя ў справе барацьбы за свайго пакупніка паміж прадпрыемствамі дзяржаўнага і прыватнага бізнесу павінна пайсці толькі на карысць стану абслугоўвання насельніцтва і бюджэту раёна.



Адносна стварэння ўмоў для працы медперсанала бальніцы, хворых, якія лечацца ў стацыянары, рэкамендавана звярнуцца з просьбай аб аказанні добраахвотнай дапамогі ў любым выглядзе на кожнае прадпрыемства раёна, да індывідуальных прадпрымальнікаў. Не ўсе адмовяцца, а калі будзе зроблены рамонт на спонсарскія сродкі ў палаце, то і таблічку з адпаведным надпісам на дзверы трэба будзе размясціць, каб усе ведалі, што свет не без добрых людзей.



У абмеркаванні справаздач прынялі ўдзел дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, кіраўнікі рабочых груп па падрыхтоўцы асноўных пытанняў Г.В. Окунева, Н.Р. Лагвінец, а таксама старшыня Велікаборскага сельвыканкама А.А. Кузьменка, старшыня Стралічаўскага сельскага Савета В.М. Бельская і намеснік начальніка РАУС В.А. Котчанка. Аб рабоце ў выбарчай акрузе паведаміў дэпутат райсавета В.У. Іванюценка.



Акрамя вышэйназваных, на сесіі былі прыняты рашэнні па пытаннях: «Аб узгадненні прыняцця ў камунальную ўласнасць інтэрната ДРУП «Хойніцкі завод гідраапаратуры» на бязвыплатнай аснове»; «Аб парадку распараджэння жыллёвым фондам, які знаходзіцца ў камунальнай уласнасці Хойніцкага раёна»; «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку ўліку аб’ектаў камунальнай уласнасці Хойніцкага раёна, якія знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы»; «Аб прызнанні страціўшым сілу рашэння Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў ад 12 верасня 2008 года № 84»; «Аб накіраванні бюджэтных сродкаў на пагашэнне крэдыторскай запазычанасці за 2010 год».


 


Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *