З воляй да перамогі

Спорт

Сярэдзіна лета – па традыцыі самы напружаны час для аматараў футбола. І на гарадскім стадыёне ва ўсю кіпяць спартыўныя страсці, прыцягваючы ўвагу паклоннікаў самага масавага віду спорту. Так, у мінулую нядзелю зборная          каманда раёна ў чарговай гульні першынства вобласці прымала футбалістаў Петрыкава і «негасцінна» перамагла з лікам 3:1.



Трэба сказаць, што пасля першай паловы сустрэчы хайнічане ўступалі гасцям з лікам 0:1 і падалося, што паўторыцца гісторыя з гульнёй нашай   каманды ў Акцябрскім. Там два тыдні  назад нашы землякі мелі падаўляючую перавагу ва ўсіх кампанентах гульні, але прапусцілі крыўдны мяч у контратацы і вярнуліся дамоў з незаслужаным ачковым абаранкам. У паядынку з камандай Петрыкава мяч таксама не жадаў трапляць у вароты гасцей, і толькі ў другім тайме ўсё ўстала на свае месцы – 3:1. Вызначыліся Аляксандр Кліменка, Віктар Садчанка (гэта ўжо другі яго мяч  на турніры) і Ігар Аўтушка.



Пасля трох сустрэч хайнічане займаюць трэцяе месца, а ў нядзелю 10 ліпеня яны згуляюць у Ельску супраць лідэраў спаборніцтваў – каманды «Будаўнік-ПМК-96», якая да гэтага не згубіла ніводнага ачка.



Працягваецца і першынство раёна па футболу. Зараз з 6 набранымі ачкамі табліцу ўзначальваюць каманды ПДРЭЗ, КЖУП «Хойніцкі камунальнік» і КСУП «Судкова». Аднак, у адрозненне ад сапернікаў, якія згулялі па 3 сустрэчы, футбалісты запаведніка правялі толькі два паядынкі.
Нагадваем балельшчыкам, што матчы першынства раёна праводзяцца на гарадскім стадыёне па аўторках і чацвяргах (у 19.00), а таксама суботах (17.00).



Віктар НАЗАРАНКА. 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *