Радасць на ўсіх адна


У вёсцы, а тым больш маланаселенай, да ліку якіх адносіцца і Куравое, дзе зараз пражываюць 62 чалавекі, жыхары ўсё ведаюць адзін пра аднаго. І ёсць падзеі, якія датычаць кожнага, ад малога да старога. Адной з такіх падзей з’яўляецца свята вёскі, якое праходзіць сёлетнім летам па ініцыятыве райсавета дэпутатаў.


 


Адкрылі і вялі мерапрыемства мастацкі кіраўнік Велікаборскага СДК Ж.У. Харошка і бібліятэкар мясцовай бібліятэкі Э.М. Кузьменка, прадаставіўшы жыхарам Куравога гасцей – галоўнага спецыяліста раённага Савета дэпутатаў Л.М. Марчанка і галоўнага эканаміста КСУП «Агракамбінат» Віць» С.Ф. Кушнер. А як жа інакш: вясковыя людзі мяркуюць аб значнасці мерапрыемства, калі ў ім прымае ўдзел раённае начальства і прадстаўнікі сельгаспрадпрыемства, якія прынародна дзякуюць людзям за плённую працу. Арганізатараў свята – в.а. старшыні Велікаборскага сельскага Савета А.А. Кузьменка і ўпраўляючую справамі Савета В.А. Плытнік жыхары Куравога, хаця іх вёска параўнальна нядаўна ўвайшла ў рысу гэтага сельсавета, ведаюць добра. Бо тут Ала Аляксандраўна і Вольга Аляксандраўна бываюць часта, клапоцяцца праблемамі і вырашаюць запыты вяскоўцаў.


 


Удзельнікі свята сабраліся каля падворка М.А.Барысенкі, тут жа праходзіла і святочнае дзейства пасля таго, як па вартасці было ацэнена высокае майстэрства жыхароў: на імправізаванай выстаўцы былі прадстаўлены вырабы народна-прыкладнога мастацтва – ткацтва, вышыўка, вязанне.


 


Звяртаючыся ды жыхароў вёскі, Л.М. Марчанка выказала словы вялікай падзякі людзям працы за тое, што тут зберагаюць народныя традыцыі. І свята  вёскі, несумненна, стане для іх незабыўнай падзеяй.


 Хвалюючым і незабыўным на свяце вёскі быў успамін вядучых аб гадах Вялікай Айчыннай вайны, аб жыхарах, якія аддалі свае жыцці на алтар Перамогі, аб жанчынах і дзецях, якія ў час жорсткага ліхалецця непасільнай працай набліжалі дзень вызвалення і адраджалі разбураную вайной гаспадарку. Непаўналетнім вязням фашысцкіх канцлагераў Антаніне Фёдараўне Шаўчук, Мікалаю Рыгоравічу Пінчуку, Валянціне Міхайлаўне Бельскай, Марыі Аляксандраўне Барысенка ўручаны  на свяце вёскі сувеніры.


 


Прыкладам       самаадданай      працы ў Куравым  з’яўляюцца Ганна Аляксандраўна Альшанская, Марыя Аляксандраўна Барысенка, былыя даяркі, якія зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, іх ушанавала галоўны эканаміст сельгаспрадпрыемства «Віць». Як і сённяшніх перадавікоў –аператараў машыннага даення кароў Галіну Уладзіміраўну Тагай, Наталлю Мікалаеўну Мартыненка,  Валянціну Міхайлаўну Бельскую, Валянціну Сцяпанаўну Лабада, трактарыста Данііла Іванавіча Акушку.


 


Адзначаны і лепшыя малаказдатчыкі – Таццяна Міхайлаўна Шлёг, Раіса Фёдараўна Сямёнава, Галіна Уладзіміраўна Тагай.


Шмат цёплых слоў было сказана пра мнагадзетныя сем’і – добрых і  працавітых дзяцей маюць Казімір Станіслававіч і Галіна Міхайлаўна Прыходзькі, Алена Уладзіміраўна Ляшчынская, Алена Міхайлаўна Харошка, Таццяна Аляксандраўна Кузьменка.


 


Як узорную сям’ю, назвалі на свяце вёскі Мікалая Уладзіміравіча і Таццяну Міхайлаўну Шлёг, якія  адзначылі сярэбраны юбілей сумеснага жыцця.


На свяце была ўшанавана старэйшая жыхарка вёскі Антаніна Фёдараўна Шаўчук, якой сёлета споўнілася 79 гадоў. А.А. Кузьменка ўручыла ёй букет кветак і сувенір на памяць.


Адзначаны за рупнасць па добраўпарадкаванню Галіна Міхайлаўна Прыходзька і Марыя Аляксандраўна Барысенка – іх падворкам прысвоена званне ўзорных.


 


Свята ў Куравым удалося на славу. Не забыліся нікога, хто дастойны ўшанавання, добрых слоў. Кветкі і сувеніры атрымалі героі свята. Выдатнымі падарункамі для ўсіх былі музычныя нумары, якія падарылі самадзейныя артысты гарадскога цэнтра культуры і спорту «Меліяратар» на чале з мастацкім кіраўніком Л.У. Краўчанка.


 


 


 


Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *