Робіцца для вас – беражыце!


З года ў год растуць аб’ёмы работ, якія выконвае Хойніцкі дарожна-эксплуатацыйны ўчастак № 155 КПРБУП «Гомельаблдарбуд». Калі ў мінулым годзе калектывам асвоена 11,5 мільярда рублёў, то на год бягучы запланавана выканаць работ на суму 14 мільярдаў рублёў. У першым паўгоддзі хойніцкія дарожнікі ўжо паспелі папрацаваць на добраўпарадкаванні дачнага пасёлка Маяк Гомельскага раёна, чыгуначнага ўчастка ЭП-4 г. Гомеля, г. Нароўлі. Зараз жа адзін з галоўных участкаў работы – рэканструкцыя вуліцы Калесніка ў Хойніках на ўчастку ад вул. 70 год Кастрычніка да транспартнага кальца каля ўчастка па вытворчасці камбікармоў РУП «Саўгас-камбінат «Зара».



Усяго ДЭУ-155 выконвае больш за 90 відаў работ. Асноўным з іх з’яўляецца ўтрыманне ў належным стане аўтамабільных дарог з усімі спадарожнымі відамі: выпускам і ўкладкай асфальтабетоннага пакрыцця (для чаго летась і быў узведзены ўласны асфальтабетонны завод), падсыпкай землянога палатна, падкошваннем абочын, устаноўкай і рамонтам дарожных знакаў і паказальнікаў, прыпыначных павільёнаў для пасажыраў і іншыя.



Акрамя таго, важнае месца ў рабоце прадпрыемства займае абсталяванне і эксплуатацыя пляцовак для адпачынку. Рашэнне аб абсталяванні аўтамабільных дарог вобласці гэтымі аб’ектамі «Гомельаблдарбудам» было прынята яшчэ пяць гадоў назад і сёння толькі ў Хойніцкім раёне дарожнікамі ДЭУ-155 створана 15 такіх пляцовак (на здымках). Размешчаны яны на аўтамабільных дарогах Хойнікі-Бабчын, Хойнікі-Мікулічы() (праз Пудакоў), Казялужжа-Судкова-Храпкаў-Віць, Хойнікі-Партызанская. У адпаведнасці з прынятай у 2006 годзе галіновай праграмай на такіх пляцоўках для адпачынку вадзіцеляў і пасажыраў абавязкова павінны быць туалет, ценевыя павеці або альтанкі, стаянка для 12-15 аўтамабіляў, сталы і лаўкі, а таксама смеццязборнік – звычайна з бетоннага кальца. Гэта – неабходны мінімум. Але калі дазваляюць сродкі і магчымасці, можна абсталяваць на такіх месцах адпачынку і дзіцячую пляцоўку, і ўстанавіць самыя разнастайныя малыя архітэктурныя формы. Ёсць такія і на пляцоўках, абсталяваных на нашых дарогах.



Як расказаў дырэктар ДЭУ-155 П.П. Фурс, выпускам тыпавых вырабаў архітэктуры малых форм у нашай вобласці займаецца чачэрскае ДЭУ-115. Але, канешне ж, выкарыстоўваюць хойніцкія дарожнікі і ўласныя напрацоўкі – напрыклад, усе масіўныя драўляныя лавы арыгінальных форм зроблены штатнымі работнікамі ДЭУ-155.
Усе гэтыя аб’екты яднае не толькі фантазія і паўсядзённая работа дарожнікаў, але і агульная праблема – нявыхаванасць іх наведвальнікаў. Немагчыма зразумець: няўжо так цяжка прыбраць за сабой смецце, выкінуць яго ў спецыяльна прыстасаванае бетоннае кальцо, якое звычайна стаіць непадалёку? І навошта ламаць і крушыць тыя ж павеці, якія зроблены для кожнага з вадзіцеляў, аўтааматараў і пасажыраў? Таму можна зразумець горыч у словах Пятра Пятровіча:
– Спецыяльна створаная брыгада з 4 чалавек не паспявае штодзённа прыбіраць пакінутае людзьмі смецце на пляцоўках для адпачынку, рамантаваць разбітыя альтанкі і лаўкі, выдраныя з зямлі слупкі і апоры. Пасля такога знікае ўсякае жаданне зрабіць тут нешта новае і прыгожае – усё адно зламаюць, паб’юць, засмецяць…
Ні штрафы людзей не палохаюць, ні іншыя санкцыі.



Міжволі згаджаешся са старой ісцінай: чыста і па-сапраўднаму прыгожа не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць і беражліва ставяцца да вынікаў чалавечай працы. Калі мы, нарэшце, зразумеем гэта?



Віктар МІХАЙЛАЎ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *