Фальклор – душа народа

Образование

Працягвае сваё шэсце па раёну агляд-конкурс «Традыцыйныя абрады Хойніцкага  раёна».
Жыхары вёскі Паселічы сталі сведкамі правядзення абрада      «СЁМУХА», які ім прадэманстраваў творчы калектыў Паселіцкага сельскага Дома культуры.
Абрад уключаў такое дзейства, як заплятанне рознакаляровымі стужкамі галінак бярозы – галоўнага атрыбута свята, якое суправаждалася народнымі песнямі. У гэты святочны дзень маладыя дзяўчаты збіраліся разам і варажылі на жаданне: вілі вяночкі з кветак і кідалі іх на ўпрыгожаную бярозу. На стол падавалі смажаную яечню, якой частавалі гасцей.



Абрад «ЗАЖЫНКІ» за апошнія дзясяцігоддзі перацярпеў  шэраг змен, але  артысты Храпкаўскага сельскага клуба аднавілі і прадставілі гледачам «Зажынкі» з элементамі старажытнай абраднасці .
Паспела жыта, прыйшоў час яго зажынаць. Гаспадару не пад сілу было аднаму ўбраць ураджай, таму рабілі справу талакой, дапамагаючы адзін аднаму. Працавалі не за грошы, але абавязкова па заканчэнню ўборкі гаспадары запрашалі ўсіх за сялянскі стол. 
Раніцай, яшчэ да ўзыходу сонца, ішлі маладыя замужніцы зажынаць першы сноп. І гэта  таксама своеасаблівы знак, бо маладзіца нібыта ўвасабляла пладавітасць чалавечую і прыродную.  З сабою  яны абавязкова бралі  кавалак хлеба, як падзяку зямлі і Богу, чысты вышыты  ручнік, грамнічную свечку і свечаную ваду.
Падышоўшы да ніўкі, віталіся з ёй як з жывой істотай  і, перах-рысціўшыся, пачыналі жаць. А той першы сноп, які жнеі зажалі, увечары ўрачыста ўручаўся гаспадару. Менавіта гэты сноп павінен быў аберагаць дом селяніна ад усяго нядобрага, ад розных бед.



Сярод  летніх свят і абрадаў палескага краю ў вёсцы Вялікі Бор існуе абрад «ВАДЖЭННЕ РУСАЛКІ» са своеасаблівай  драматургіяй, дыялогамі, вулічным шэсцем жыхароў вёскі.
 Абрад праводзіўся  праз тыдзень пасля Сёмухі, у нядзелю. У гэты дзень жыхары святочна апраналіся ў святочнае адзенне, збіраліся  ў цэнтры вёскі, дзе іх чакала маладая незамужняя жанчына ў касцюме русалкі. Зараней  былі падрыхтаваны   тры вялікія сплеценыя вянкі, якія неслі ў поле ўдзельнікі свята.
 Потым  русалка, хлопцы, якія  яе ахоўвалі, дзеці, усе жадаючыя прыняць удзел у абрадзе  жыхары вёскі  ідуць шэсцем,  вядуць  русалку,  накіроўваючыся  за вёску, да жытняга поля. Амаль на працягу гадзіны, пакуль русалку вывядуць на поле, удзельнікі свята спяваюць абрадныя песні.
Каля поля, за вёскай, ужо гарыць  вогнішча, праз якое будуць скакаць жыхары. Русалку  ўпіхвалі  ў жыта,  а калі яна уцякала, то, дагнаўшы, жыхары зрывалі  з яе вянок, элементы адзення, якое  было на ёй, і ўцякалі да вогнішча. Потым праводзілася  ачышчэнне адзення русалкі і раней сплеценых  вянкоў над полымем, якія раздаваліся  жыхарам вёскі. На гэтым роля русалкі  заканчвалася, і ўсе жыхары вадзілі  карагод, спявалі  русальныя і іншыя песні, скакалі  праз вогнішча, жартавалі.
Разыходзіцца дадому не хацелася, але было патрэбна,  каб  шматкі адзення  русалкі і вянкоў кінуць на агарод, асабліва на градкі  з капустай. Лічылася што гэта засцяражэ ўраджай ад чарвякоў.
Гэтыя  мерапрыемствы, якія падрыхтавалі работнікі клубных устаноў, надоўга запомняцца як яго ўдзельнікам, так і гледачам. І пакуль будзем памятаць мінулае і зберагаць яго, будзем жыць шчасліва.



СВЯТА КУПАЛЛЕ ідзе яшчэ з часоў язычніцтва. Праўда, тады яго адзначалі ў перыяд летняга сонцастаяння, калі быў самы доўгі дзень і прырода дасягала найвышэйшага росквіту. Здавалася, і сонца найгарачэйшае, і вада пад яго ўздзеяннем становіцца самай цёплай і чыстай. Таму святкаванне пачыналася з купання. Гэта і дало назву святу – Купалле, Купала.
Святкаваць яго пачыналі ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Удзень дзяўчаты збіралі розныя святаянскія зёлкі, сушылі і захоўвалі іх як моцныя цудадзейныя лекі. Плялі вянкі і з іх дапамогай варажылі на вадзе. Ноччу збіраліся ля кастра, вадзілі карагоды, танцавалі, скакалі цераз агонь.


 


Л. СМОЛЬСКАЯ, метадыст метадычнага цэнтра аддзела культуры райвыканкама.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *