Забяспечваюць камфорт


У мінулым годзе калектыў Хойніцкага дарожна-эксплуатацыйнага ўчастка № 45 РУП «Гомельаўтадор» адзначыў дзесяцігоддзе сваёй працоўнай дзейнасці. За гэты час дарожнікамі многае зроблена па догляду за сеткай аўтамабільных дарог і спадарожнай інфраструктурай не толькі ў нашым раёне, але і ў суседніх – Брагінскім, Лоеўскім і Рэчыцкім. Сёння, разам з выкананнем сваіх асноўных вытворчых задач, асаблівая ўвага калектывам участка надаецца добраўпарадкаванню і прывядзенню ў належны стан прыдарожных тэрыторый, пляцовак для адпачынку, аўтобусных прыпынкаў і дарожнай маёмасці – знакаў, сігнальных слупкоў, паказальнікаў, шыльд з назвамі населеных пунктаў. Расказвае начальнік ДЭУ-45 Анатолій Паўлавіч ГУРА.



– Пад нашым наглядам і адказнасцю зараз знаходзіцца 240 кіламетраў рэспубліканскіх дарог на тэрыторыі трох раёнаў вобласці. Асноўная задача пры гэтым – забеспячэнне бесперабойнага і бяспечнага функцыяніравання аўтамабільных дарог і мастоў, іх хуткі і якасны рамонт. Адным з важнейшых участкаў нашай работы з’яўляецца аўтатраса Хойнікі-Рэчыца. Аўтамабільны рух на ёй ажыўлены і інтэнсіўны, а капітальнага рамонту (за выключэннем 5-кіламетровага ўчастка) не было больш за 30 гадоў. Таму падтрымліваць яе бяспечны эксплуатацыйны стан няпроста, увесь час даводзіцца займацца ямачным рамонтам, ліквідацыяй зрухаў, адтулін у дарожным палатне, наплываў і прасадак, праводзіць паверхневую апрацоўку, якая дадаткова і трывала ўмацоўвае верхні слой дарогі. Пастаянна паднаўляем дарожную разметку, сочым за тым, каб усе яе лініі былі выразна і чотка бачнымі. Такія вытворчыя аперацыі выконваем і на іншых аўтамагістралях. Акрамя таго, па просьбах жыхароў населеных пунктаў, пракладваем тратуарныя дарожкі ўздоўж дарог, устанаўліваем дадатковыя крытыя павільёны на аўтобусных прыпынках.



Важнае месца займае ў нашай рабоце ўтрыманне прыдарожных палос. Поўнасцю ліквідаваны старыя дрэвы, выкарчаваны пні і падкошаны тэрыторыі на нашым участку трасы Хойнікі-Брагін, работы па выкарчоўцы вядуцца на калінкавіцкай трасе. Пакуль што ў іх правядзенні дапамагаюць сваёй тэхнікай спецыялісты Хойніцкай ПМК. Справа ў тым, што ў нас выйшаў са строю пнекарчавальны агрэгат, пагэтаму для таго, каб выканаць заданне ў тэрмін (да 1 жніўня) звярнуліся да сумежнікаў. У гэтай сітуацыі сваю дапамогу тэхнікай і спецыялістамі таксама паабяцалі калегі з ДБУ-23 і прадпрыемства меліярацыйных сістэм.



Штат нашай арганізацыі налічвае 91 чалавек. Усе яны сапраўдныя ўніверсалы і могуць выконваць самыя розныя віды работ – ад абкошвання дарог да ўкладкі асфальтабетоннага пакрыцця, а вадзіцелі і трактарысты могуць з поспехам падмяняць адзін аднаго за рулём транспартных сродкаў.



Аднак утрымліваць іх у належным санітарным стане няпроста – не прызвычаіліся нашы людзі прыбіраць за сабой. А колькі машын штодня спыняюцца на гэтых аб’ектах – не злічыць. Таму часцяком атрымліваецца так, што чысціня тут пануе толькі пасля нашай уборкі.



Але прыбраць нам не цяжка. Куды больш хвалюе вандалізм на дарогах: псуюць, вырываюць і валяць дорагакаштуючыя дарожныя знакі са святлоадлюстроўваючай плёнкай, сігнальныя слупкі, драпаюць пахабшчыну на сценах павільёнаў на аўтобусных прыпынках. Колькі сродкаў каштуе аднаўленне ўсяго гэтага! І так кожны месяц, кожны тыдзень…
А так хочацца прыгажосці, арыгінальнасці і ўтульнасці на нашых аб’ектах. Напрыклад, на бакавых сценах павільёнаў аўтобусных прыпынкаў на калінкавіцкім напрамку наш штатны мастак Дзяніс Паўлюшчанка разам з мастаком Анатолем Гладкім з ДЭУ-155 змясцілі партрэты класікаў.Атрымалася прыгожа, эстэтычна і арыгінальна.



 Ведаю, што многія з транзітных (немясцовых) пасажыраў просяць спыніць аўтобус і з задавальненнем фатаграфуюць гэтыя звычайныя і адначасова незвычайныя аўтобусныя прыпынкі. Дарэчы, аўтобусны прыпынак каля аграгарадка Глінішча з выявай Івана Мележа летась стаў пераможцам у абласным аглядзе-конкурсе, які штогадова праводзіць наша галоўнае прадпрыемства – РУП «Гомельаўтадор». Вось такой – жывой і карыснай ініцыятывы чакаем мы ад людзей, а не толькі ўмення і жадання ламаць і крушыць усё, што трапіць пад руку.



Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.  


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *