Рубінавы прафесіянал

Экономика

Штодзень старшы дыспетчар ДЭУ-45 Ірына Пятроўна Сцішанок праводзіць маніторынг аўтапарка гэтай арганізацыі, а таксама сочыць за вадзіцелямі з дапамогай інфармацыі са спутніка. Хаця, прызнаецца сама жанчына, калі яна толькі пачынала кар’еру ў дарожна-будаўнічай галіне, падобных тэхналогій не было. Не тое, што зараз: патрэбна пра нешта даведацца ў калегі з Брагіна, узяў рацыю і кажаш: «Тапаз», я «Рубін», адкажыце». «Тапаз» – гэта Брагінскае ДЭУ, а «Рубін» – гэта, адпаведна, Хойніцкае і Ірына Пятроўна, у прыватнасці.
У ДЭУ-45 пасаду старшага дыспетчара займае адзін з самых вопытных работнікаў калектыву – Ірына Пятроўна Сцішанок. Хайнічанка працуе тут з дня заснавання – сярэдзіны верасня 2000 года. Прыйшла яна сюды з ДРБУ-155.
Паралельна з работай Ірына завочна атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «інжынер-будаўнік» у галоўнай альма-матэр савецкіх будаўнікоў – Маскоўскім інстытуце камунальнай гаспадаркі і будаўніцтва. Ды і каханне сваё жанчына сустрэла, не адыходзячы ад работы. Муж Ірыны Пятроўны – Віктар Аляксандравіч – таксама працаваў у ДРБУ-155, а потым перайшоў вадзіцелем у створанае ДЭУ-45.
За амаль 30 гадоў работы Ірына Пятроўна паспела змяніць некалькі змежных і кадравых пазіцый. Але кожная са спецыяльнасцяў толькі шла на карысць прафесійнаму вопыту. Пачынала кар’еру наогул у Светлагорскім ДЭУ-207 дарожным майстра пасля заканчэння ў 1991 годзе дарожна-будаўнічага тэхнікума. Потым вярнулася на малую радзіму ў Хойнікі ў якасці дарожнага рабочага ДРБУ-155, пазней заняла пасаду інжынера па працы і зарплаце, затым ­­– галоўнага бухгалтара, на гэтую ж пасаду заступіла ў ДЭУ-45. Праз восем гадоў была назначана галоўным інжынерам.
Жыццёвыя абставіны склаліся так, што некалькі гадоў Ірына Пятроўна працуе старшым дыспетчарам. І гэтым жанчына з вялікім вопытам работы і зайздросным для любога дарожніка рэзюмэ цалкам задаволена. Хаця і ў якасці дыспетчара абавязкаў не зменшылася. Праўда, дзякуючы сучасным камп’ютарным праграмам, гэта работа стала крыху лягчэй. Мяркуйце самі: дастаткова націснуць на клавішу, і бачыш, дзе працуюць машыны, якія аўтамабілі стаяць і не рухаюцца, ды і што калегі ў іншых раёнах робяць. Адно нязменнае: такое супярэчлівае надвор’е. Але ж і з гэтым умеюць справіцца нашы дарожнікі.
Вучыцца Ірына Пятроўна не спыняе. Так, кожную раніцу яшчэ да пачатку работы яна прыходзіць, каб правесці перадрэйсавы агляд вадзіцеляў з дапамогай «Алкатэста», толькі потым дыспетчар выпускае на лінію рабочы транспарт. Для гэтага атрымала адпаведны сертыфікат пасля курсаў у Баранавічах. Сапраўды, каштоўны работнік!

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *