Беларусь турыстычная: музей стараверства, палац Козел-Паклеўскіх, мемарыяльны комплекс, Гомельская вобласць

Беларусь турыстычная

Расказвае Аксана Султанава:
– У час двухдзённага семінара-нарады з калегамі з Магілёўскай вобласці, у якім я прымала ўдзел, для нас арганізавалі экскурсію па Гомельскім парку, а затым паездку у г.п. Ветка. І вось тут нас чакаў цуд. За сваю гісторыю падарожжаў была ў многіх музеях: Дрэздэнскай галерэі, Палацы Юсуповых, Эрмітажы і г.д. Але асаблівае ўражанне пакінуў Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый ім. Ф.Г. Шклярава.
Менавіта там я ўпершыню з цікавасцю слухала аб стараверах, пра тое, як яны з’явіліся на тэрыторыі Беларусі, аб іх побыце, культуры. У музеі прадстаўлены стараверскія абразы, старадаўнія рэлігійныя кнігі, прадметы побыту і адзення. У музеі акунаешся ў сапраўдныя старадаўнія традыцыі і абрады старавераў. Усім раю яго наведаць.
І яшчэ адно выдатнае месца ў нашай вобласці – помнік палацава-паркавай архітэктуры другой паловы XIX стагоддзя – Чырвонабярэжскі палац Козел-Паклеўскіх. Тут здзіўляе ўсё: і незвычайны будынак палаца, і парк са сваімі таямніцамі.
Аказваецца, на працягу чвэрці ХІХ стагоддзя ў вёску Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна з далёкай Сібіры прыязджалі на адпачынак уласнікі сядзібы Козел-Паклеўскіх. Сядзіба, а галоўнае – маёнтак, які цяпер знаходзіцца на рэстаўрацыі, быў пасагам (прыданым), з якім за В.А. Козел-Паклеўскага аддаў сваю дачку Марыю генерал-лейтэнант М.С. Гатоўскі. Зараз сядзіба з’яўляецца помнікам архітэктуры ХIХ стагоддзя і ўзята пад ахову дзяржавы.
У Козел-Паклеўскіх была свая вінакурня, дзе яшчэ ў ХІХ стагоддзі выпускалі спірт мацункам у 80 градусаў. Таксама мелася стайня, дзе ў 1909 годзе Паклеўскі вывеў уласную пароду коней. Мяркую, што па праву экскурсаводы ахрысцілі гэты помнік архітэктуры «жамчужынай турызму» Гомельскай вобласці.
Непадалёк размешчаны Чырвонабярэжскі мемарыяльны комплекс «Дзецям – ахвярам вайны». Пра вайну можна шмат казаць, але, як мне здаецца, варта адзін раз наведаць гэты комплекс, узяўшы з сабой сваіх дзяцей, і гаварыць не давядзецца. Дастаткова ўбачыць тоненькую фігурку дзяўчынкі, якая ўвасабляе ўсіх дзяцей, загінуўшых у дзіцячым лагеры смерці, прачытаць ліст дзіцяці, сагнанага ў фашысцкую Германію…
У вайну тут размяшчаўся перасыльны лагер – сартавальны пункт, куды з розных рэгіёнаў Беларусі паступалі палонныя фашыстамі дарослыя і дзеці. Многіх дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў акупанты пакідалі ў Чырвоным Беразе спецыяльна, бо накіроўвалі ў дзіцячы донарскі лагер, таксама створаны ў Чырвоным Беразе.
Адкрыты ж мемарыяльны комплекс, які носіць сёння афіцыйную назву «Дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны», быў у канцы чэрвеня 2007 года. У акуратнай алеі сустракае тоненькая, бронзавая дзяўчынка-падлетак з паднятымі над галавой скрыжаванымі рукамі і шырока разведзенымі пальцамі. Цэнтрам кампазіцыі гэтага ўнікальнага помніка-ансамбля з’яўляецца «Плошча Сонца». Ад яе разыходзяцца восем промняў: сем з іх – залацістыя, якія сімвалізуюць дзіцячыя мары, а адзін – чорны, які вяртае ўсіх у скажоную вайной рэальнасць. У цэнтры «Плошчы Сонца», знаходзіцца «папяровы «Караблік Надзеі». Гэта скульптурная метафара увасаблення няздзейсненых мараў загінуўшых дзяцей.
Я б сказала, што ён створаны для ўсіх нас і ў першую чаргу для сучасных дзяцей. Усе наведвальнікі мемарыяла пранікаюцца болем няздзейсненых мараў амаль двух тысяч Чырвонабярэжскіх вязняў, а праз іх – і ўсіх ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Але ж разам з тым з’яўляецца невыразнае словамі пачуццё падзякі, што мы не ведаем усіх гэтых жахаў вайны, але абавязкова павінны памятаць, якой цаной нашым продкам дастаўся гэты мір!

Запісала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *