Стабільны поспех храпкаўскіх работнікаў

Сельское хозяйство

Воблакі ператварыліся ў вялікія цёмна-шэрыя хмары. Апошнія лісты з пачарнелых галін дрэў аблятаюць на землю. Сонейка змяніў халодны дожджык, які навявае сум…

Але сумны настрой адразу знік, калі я трапіла ў арачнік на Храпкаўскай ферме. Тут працуюць сапраўды сонечныя людзі – муж і жонка Мікалай Нежэл і Валянціна Фрунзе. Іх гаворка адразу выдае, што сям’я не тутэйшая. Прыехалі з Малдовы, шмат часу жылі і працавалі на Брагіншчыне. А год таму пераехалі ў Храпкаў – прывабіў вышэйшы заробак. Для новых работнікаў гаспадарка выдзяліла добры дом. У Мікалая і Валянціны двое сыноў – адзін працуе аграномам у Камарыне, а другі – трактарыстам тут, у «Аравічах».
Паколькі жывёлаводы былі заняты справай, пагутарыць атрымалася ў форме «бліц-апытання». «Што вам падабаецца ў нашай краіне?» – «Стабільнасць!». «Любімыя стравы: малдаўскія і беларускія» – «Галушкі з курыцай і калдуны». «Як бавіце вольны час?» – «Завіхаемся па хатняй гаспадарцы, глядзім тэлевізар. Усё, як ва ўсіх… І пастаянна думаем пра работу. Увесь час хвалюемся за нашых цялятак». І больш тут нічога дадаваць не трэба. У гэтым поспех і сэнс. Такія людзі ствараюць выдатнае надвор’е ў сваіх душах і навакольных, не залежачы ад таго, што адбываецца на вуліцы.

Усе гэтыя жанчыны на здымках спалучаюць у сабе некалькі іпастасяў: яны клапатлівыя маці (дарэчы, практычна ўсе – шматдзетныя), увішныя гаспадыні і выдатныя працаўніцы.

Дзіву даешся, адкуль яны бяруць столькі душэўных і фізічных сіл на ўсіх і на ўсё? У вольныя паміж дойкамі гадзіны паспяваюць прыгатаваць смачнасці для сваіх дамачадцаў, падтрымліваць парадак у хаце, адпраўляць і сустракаць дзяцей са школы ці дзіцячага сада, мужа – з работы. І яшчэ з дзясяткам спраў за дзень справіцца.

Рана прачынацца і позна класціся спаць. Не скардзіцца на лёс. Усё гэта стала ладам іх жыцця. Умеюць любіць сваю, вельмі складаную, працу. Імкнуцца не падвесці. Усё па сумленню. З клопатам. І дома, і на ферме. Гэта прыгожыя, чулыя, сціплыя даярачкі, цялятніцы і даглядчыцы. Усе яны працуюць у Храпкаве – на ферме і на комплексе.

Чаму сённяшні фотарэпартаж прысвечаны менавіта ім? Бо, улічваючы нават сезонныя спады, яны знаходзяцца ў раённай табліцы малочнага рэйтынгу на лідзіруючых пазіцыях. Дзякуючы іх працавітасці і іх калег (здымкі якіх былі ў папярэдніх нумарах раёнкі), поспех храпкаўскіх ферм заўсёды стабільны.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *