У гаспадарцы моладзь паважаюць, работу і жыллё прадастаўляюць

Тэрыторыя моладзі

47567360Размеркаванне для маладых людзей – гэта пераход на новую прыступку дарослага жыцця. Многія юнакі і дзяўчаты разумеюць, што ад таго, наколькі ўпэўнены будзе гэты крок наперад,  у многім залежыць далейшы прафесійны поспех. Таму прыкладаюць усе намаганні, каб прадэманстраваць свае асабістыя здольнасці і тэарэтычныя веды, а значыць – зарэкамендаваць сябе добрым спецыялістам. 

Менавіта такая моладзь – ініцыятыўная, мэтанакіраваная, адказная – працуе зараз у КСУП «Веляцін». Сельгаспрадпрыемства ганарыцца такімі работнікамі і цэніць іх. Толькі з лепшага боку характарызуе ўсіх працуючых зараз у калектыве маладых людзей намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце В.І. Санцэвіч. І адчуваецца, што гаворыць яна пахвальныя словы ў іх адрас не для чырвонага слоўца, а шчыра. «Мы ўсіх іх любім, паважаем,» – з яе вуснаў гэта гучыць так душэўна, што адразу разумееш: маладых спецыялістаў тут берагуць, як зрэнку вока. Праяўляецца гэта беражлівасць, перш за ўсе, ва ўмовах, ствараемых для юнакоў і дзяўчат.

Увагай тут ніхто не абдзелены: пасады прадастаўляюцца годныя, вопытныя калегі з ахвотай дапамагаюць уліцца ў калектыў і зрабіць першыя практычныя крокі ў абраную прафесію, і, што немалаважна, прадастаўляецца жыллё. Для гэтых мэт – пражывання маладых спецыялістаў – тры гады таму кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства ператварыла жылы дом у в. Веляцін у міні-інтэрнат: зрабілі рамонт, закупілі неабходную мэблю і бытавую тэхніку. Зараз тут «гаспадараць» трое пастаяльцаў, усяго ж інтэрнат разлічаны на чатыры месцы. На плошчы 66 кв.м створаны ўсе умовы для зручнага пражывання: ёсць кухня, санвузел, асобны для кожнага пакой.

А самае галоўнае, тут пануе атмасфера весялосці, маладзёжнага запалу, пазітыўнай энергетыкі. Праяўляецца ўсё гэта ў адзінстве пасябраваўшых «суседзяў» – інжынера па ахове працы Уладзіміра Жэрэлава, эканаміста Вольгі Гардзеенка, галоўнага заатэхніка Івана Рамановіча. «Разам жыць цікавей,» – заўважаюць рабяты. Нягледзячы на тое, што ўсе яны абсалютна розныя, знаходзяць агульныя інтарэсы, імкнуцца разнастаіць паўсядзённае жыццё сумеснымі праглядамі фільмаў, чаяпіццем, размовамі на цікавячыя тэмы і інш. У Велеціне месцаў адпачынку амаль няма, вось і даводзіцца рабіць карысным вольны час самастойна.

Уладзімір  родам з в. Дудзічы Калінкавіцкага раёна. Пасля заканчэння мясцовай школы з мноства спецыяльнасцей абраў аграрны шлях. Паступіў у Палескі дзяржаўны аграрны каледж, дзе атрымаў тэарытычныя веды, якія зараз удала прымяняе на практыцы. Яго прафесійная біяграфія доўжыцца толькі год, але за гэты час ён паспеў прыкіпець душой да работы. Юнак не адмаўляе, што яму даводзіцца сутыкацца з пэўнымі цяжкасцямі, але ён іх не цураецца, а наадварот імкнецца знаходзіць правільнае выйсце са складаных сітуацый.

Вольны ад работы час прысвячае любімаму занятку – спорту. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства гэтаму таксама спрыяе, з ліку работнікаў гаспадаркі створана каманда, якая займаецца ў спартзале Паселіцкай СШ. Разам з іншымі членамі зборнай малады чалавек прымае ўдзел у шматлікіх спартыўных мерапрыемствах.
Вёска Веляцін Уладзіміру падабаецца, ды і наогул наш раён прыйшоўся яму да спадобы. «Прырода цудоўная, а самае галоўнае – людзі тут жывуць добрыя, працавітыя», – зазначае ён. Але заставацца тут жыць пасля адпрацоўкі не плануе, бо сувязь паміж ім і яго малой радзімай вельмі моцная. Там бацькі, якім патрэбна яго дапамога, каханая дзяўчына – пакарыцелька яго сэрца…

А вось Вольга Гардзеенка  магчымасць затрымацца тут, у КСУП «Веляцін», надалей разглядае. Нарадзілася яна ў в. Загалле Хойніцкага раёна, скончыла Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў 2009 годзе. Пачынала працоўны шлях у КСУП «Аравічы», потым пераразмеркавалася ў Веляцін, аб чым не шкадуе.
Вольгу па праву можна лічыць душой міні-інтэрната, яна пазітыўная і сваім добрым настроем заўсёды імкнецца падзяліцца з людзьмі. Нават на люстэрку ў яе пакоі вялікімі літарамі напісана слова «улыбнись». «Прачнуся раніцай, пагляжуся ў люстэрка, прачытаю і ўсміхнуся! Вось і на душы стане весялей,» – дзеліцца дзяўчына.
Вольга вельмі любіць чытаць кнігі. Гэтаму найцікайвейшаму, на яе погляд, занятку яна прысвячае вольны ад работы час. А таксама, карыстаючыся сучаснымі спосабамі зносін, праз Інтэрнет вядзе перапіску з сябрамі.

На жаль, трэцяга жыльца інтэрната Івана Рамановіча нам не ўдалося застаць дома пад час прыезду. Але як яго нам ахарактарызавалі калегі-суседзі, ён вельмі працавіты. Амаль увесь час на рабоце: рана ідзе і позна вяртаецца.

Паразмаўляўшы з маладымі людзьмі, мы зразумелі, што яны задаволены і работай, і пражываннем, як добры вынік гэтага – нават не задумваюцца аб тым, як бы хутчэй адпрацаваць і паехаць. Проста аддана працуюць, імкнучыся зрабіць свой карысны ўклад у агульную справу калектыва КСУП «Веляцін».

На заканчэнне хацелася б прывесці ў прыклад шчаслівую сямейную пару – Анатолія і Вольгу Бандарэнкаў. Для галоўнага агранома і дыспетчара КСУП «Веляцін» работа ў гаспадарцы прадвызначыла будучыню. Сёння яны з задавальненнем ходзяць на працу, стварылі цудоўную сям’ю, жывуць у выдзеленым для іх доме і радуюцца жыццю. Маладыя людзі засталіся жыць у вёсцы, будуюць планы на будучыню… Гэта выдатны прыклад таго, калі размеркаванне і работа на вёсцы – гэта не прыгавор, а падарунак лёсу.

Наталля ЧЭКАН.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *