Каардынацыйны савет падвёў вынікі


15 ліпеня пад старшынствам намесніка старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўскай адбылося пасяджэнне раённага каардынацыйнага савета, на якім разглядалася выкананне Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях», а таксама стан правапарушэнняў сярод непаўналетніх і іх прафілактыка. Сёлета гэта 6 пасяджэнне каардынацыйнага савета, 5 з іх былі выязныя.



За першае паўгоддзе 2011 года  з абавязаных асоб, спагнальнікамі затрат з якіх з’яўляюцца раённы аддзел адукацыі і ДПТВ-183, спагнана 52 % ад агульнай колькасці сродкаў, затрачаных на ўтрыманне і выхаванне дзяцей у дзяржаўных сацыяльных установах. Высокая дынаміка выплат у ПДРЭЗ, КСУПах «Веляцін» і «Аравічы», ААТ «Хойніцкі Аграсервіс», на заводзе гідраапаратуры, у агракамбінаце «Віць», КЖУП «Хойніцкі камунальнік», райпо. Маюць вельмі нізкі працэнт выплат эксбаза «Стралічава», КСУП імя Мележа і «Велікаборскі», каапнарыхтпрам, ДБУ-23.



 Па даных аддзела адукацыі, толькі 2 чалавекі выплачваюць сродкі штомесяц у поўным аб’ёме, 110 чалавек пагашаюць запазычанасць часткова, 16 абавязаных асоб увогуле не кампенсуюць гэтыя сродкі, у асноўным гэта тыя, хто знаходзіцца ў ЛПП або турме.



 У першым паўгоддзі сёлета 3 абавязаныя асобы працаўладкаваны на пасады з заработнай платай, якая дазваляе выплачваць сродкі дзяржаве ў поўным аб’ёме; 2 абавязаныя асобы адноўлены ў бацькоўскіх правах; 3 – вызвалены ад уплаты сродкаў па стану здароўя; 2 – прызнаны адсутнымі без вестак.



 За перыяд дзеяння Дэкрэта 136 дзяцей адабраны з 62 сем’яў і змешчаны на дзяржаўнае забеспячэнне. 69 дзяцей вернуты бацькам у 29 сем’яў, якія выправіліся і сталі весці нармальны лад жыцця. Аднак працэнт вяртання дзяцей у біялагічныя сем’і, які складае 50,7%, па-ранейшаму застаецца нізкім у раёне і з’яўляецца ніжэй сярэднеабласнога паказчыка. Таму, як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская, патрэбна актывізаваць работу па больш ранняй прафілактыцы неспрыяльнасці ў сем’ях, а ўсім службам пачаць цесна супрацоўнічаць у гэтым напрамку.



 За першае паўгоддзе  вынесена 171 пастанова суда па працаўладкаванню абавязаных асоб з мэтай кампенсавання дзяржаве затрачаных сродкаў. На 1 ліпеня цэнтрам занятасці было працаўладкавана 45 чалавек гэтай катэгорыі.



 У пералік месц, куды могуць быць працаўладкаваны абавязаныя асобы, уключана 31 арганізацыя і прадпрыемства горада і раёна. Штогод ім даводзяцца заданні па браніраванню працоўных месц для абавязаных асоб. 12 чалавек працаўладкавана па гэтай броні.
 На 7 абавязаных асоб заведзены справы для адпраўкі іх у лячэбна-працоўны прафілакторый.



 На 1 ліпеня ў банку даных аддзела адукацыі састаіць 154 дзіцяці з 60 сем’яў, якія прызнаны знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы; 5 дзяцей маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне; 2 – адабраны з сям’і; трое бацькоў пазбаўлены бацькоўскіх правоў; налічваецца 118 дзяцей-сірот і дзяцей, застаўшыхся без бацькоўскай апекі.
Сярод выступіўшых: сацыяльны педагог ДПТВ-183 С.А. Ядчанка, намеснік дырэктара ДПТВ-183 па вучэбна-выхаваўчай рабоце С.А. Буйневіч, галоўны ўрач раённай бальніцы Ю.Г. Васілевіч, метадыст аддзела культуры В.М. Гушча, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці ДЮСШ аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама М.В. Карэльская, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Т.В. Назарава.



Участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС А.У. Кабацько расказала аб комплексным плане мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх. За першае паўгоддзе бягучага года непаўналетнімі здзейснена 11 злачынстваў. Сярод правапарушэнняў асноўныя – гэта распіццё непаўналетнімі спіртных напіткаў  і знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах (15 пратаколаў). 29 пратаколаў складзена на бацькоў, якія грэбуюць выкананнем сваіх бацькоўскіх абавязкаў. 59 непаўналетніх пастаўлены на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх РАУС.



Асноўная прычына гэтых проціпраўных дзеянняў – абыякавасць да ўласнага будучага, саманадзейнасць. На некаторых падлеткаў не дзейнічаюць ні размовы, ні пакаранні. Аднак работа па прафілактыцы – рэйды, наведванне сем’яў на даму, гутаркі, кіналекторыі і экскурсіі – будзе працягвацца і надалей, да таго часу, пакуль не авалодае свядомасцю кожнага непаўналетняга парушальніка думка аб тым, што законы нельга парушаць, іх трэба паважаць, а заявіць аб сабе можна толькі з дапамогай  добрых спраў і пачынанняў.



Вольга АНАТОЛЬЕВА.
   


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *