Хімік, і заолаг, бухгалтар, і касір


Як доўга кожны з нас выбірае сабе прафесію. Мы абмяркоўваем, параўноўваем, прыцэньваемся да любой спецыяльнасці. А ў вёсцы Дворышча жыве жанчына, пра якую можна сказаць «прафесія выбрала яе».



Выраз «малочныя рэкі» для Алы Уладзіміраўны Кабулавай даўно перастаў быць проста метафарай. З гэтай з’явай жанчына сутыкаецца кожны дзень.  А ўсё таму, што яна займаецца даволі клапатлівай справай – зборам малака. Лёс Алы Кабулавай склаўся так, што за столькі год свайго жыцця яна пажыла і ва Узбекістане, і ў Кіргізіі, пасля чаго з двума дзецьмі вярнуліся на радзіму. Тут яе сям’я стала гадаваць кароў, якіх у Алы Уладзіміраўны і яе мужа ўжо цэлая сотня.



Прафесія малаказборшчыка на першы погляд здаецца простай: збірай у людзей малако і адвозь на малаказавод. Але не ўсё так проста. Уладальнік такой прафесіі павінен сумяшчаць адразу некалькі навыкаў.
Малаказборшчык – гэта хімік. Людзі, якія займаюцца такой справай, добра разбіраюцца ў такіх паняццях, як сухі астатак, норма вадкасці, кіслотнасць, тлустасць і г.д. Для вымярэння гэтых паказчыкаў спецыяліст карыстаецца апаратам – аналізатарам малака. Калі чалавек можа памыліцца ў разліках паказчыкаў, то, прызнаецца малаказборшчыца, прыбор памылак не дапусціць. Апарат распазнае нават мінімальную колькасць антыбіётыкаў, што трапілі ў малако.



Малаказборшчык – гэта заолаг. Па якасці малака Ала Уладзіміраўна можа сказаць, напрыклад, што карова хворая ці зашмат вады было на лузе, дзе пасвілі жывёлу. Размова не пра знакаміты дэдуктыўны метад, хаця і  інтуіцыя  Алу Уладзіміраўну не падводзіць. Спецыяліст такога парадку добра ведае, што можа паўплываць на якасць малака.
Малаказборшчык – гэта бухгалтар і касір. Усе паказчыкі (колькасць малака, тлустасць) малаказборшчык запісвае, каб потым вылічыць пэўную грашовую суму. Кожныя 10 дзён Ала Уладзіміраўна выплачвае грошы людзям, якія здаюць ёй малако. Да гэтага жанчына заносіць усе паказчыкі ў ведамасці.



Працоўны дзень яе пачынаецца каля шостай гадзіны раніцы. Адлік ідзе на хвіліны: свежае малако летам хутка псуецца, таму хуткасць у такой справе на першым месцы. Абавязак Алы Уладзіміраўны Кабулавай – аб’ехаць 105 двароў у 6 вёсках: Слабажанка, Глінішча, Грачыхіна, Хвойнае, Дворышча і Рабец. На гэта траціцца дзве гадзіны. Прыкладна столькі ж затрачваецца часу на малаказаводзе, у час здачы прадукцыі. Рэшта часу ідзе на афармленне дакументаў, справы з банкам. І так кожны дзень без перапынкаў на выхадныя.



Галоўнае ў выбары прафесіі – не памыліцца. І хаця Ала Уладзіміраўна паспрабавала «на смак» некалькі прафесій (выхавальніца дзіцячага садка, паштальён, загадчыца магазіна, фермер), цяперашняя для яе – малаказборшчык – не менш, а нават больш, чым адказная.


 


 Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *