У працы і клопатах


Пасля заканчэння тэрміна навучання выпускніка Рэчыцкага зоаветэрынарнага тэхнікума Сяргея Аляксандравіча Корбіта па размеркаванню накіравалі працаваць у калгас «Шлях Леніна» Хойніцкага раёна. Было гэта ў далёкім ужо 1988 годзе. Потым атрымалася так, што ў вёсцы Амелькаўшчына малады ветурач знайшоў не толькі сваё першае месца работы, але і свой лёс. Выпадкова гэта здарылася альбо заканамерна – ведаюць толькі на нябёсах, дзе, калі верыць прымаўцы, і бяруцца шлюбы. Адным словам, дачка гаспадыні дома, у якім кватараваў былы студэнт, – Таццяна, стала яго жонкай, а сама Ніна Васільеўна – цешчай. Тады ж, у 1988 годзе, справілі вяселле, а жыць маладыя засталіся ў гэтым жа доме.



Толькі вёска Амелькаўшчына ў канцы 80-х трапіла пад абавязковае высяленне, і раз’ехаліся яе былыя жыхары па розных кутках нашай Беларусі. Павандраваць давялося і сям’і Корбітаў, пакуль у 2000-м годзе не набыла яна ва ўласнасць свой дом на малой радзіме мужа – у вёсцы Клівы. Да таго часу ў сям’і было ўжо пяцёра дзяцей – сыны Анатолій і Сяргей, а таксама, як па Чэхаву, тры сястры – Людміла, Таццяна і Вольга.



Таццяна Анатольеўна спачатку працавала паштальёнам, а потым – загадчыцай аддзялення сувязі ў Загаллі, а Сяргей Аляксандравіч быў заняты ў жывёлагадоўлі.
Як і належыць вялікай вясковай сям’і, жылі мірна і дружна.  Дзеці, крыху паспеўшы падрасці, далучаліся да сялянскай працы. Клопатаў патрабавалі і агарод на прысядзібным участку, і жывёла, якая рохкала і мыкала ў хлеўчуках – без падсобнай гаспадаркі мнагадзетнай сям’і выжыць цяжка. А так – і бульбачка свая заўсёды на стале, і памідорчыкі-агурчыкі, і капуста, што свежая, што квашаная, і сырадой, і сала кавалачак адрэзаць заўсёды можна.



Дзвюх кароў і свінку Таццяна Анатольеўна і Сяргей Аляксандравіч трымаюць і зараз. Праўда, двое сыноў і столькі ж дочак ужо выйшлі на самастойную дарогу жыцця, і не так часта, як хацелася б, сям’я Корбітаў збіраецца разам. З Гродна прыязджае ў бацькоўскі дом студэнт аграрнага ўніверсітэта – старэйшы сын Анатолій. Сяргей навучаецца на дзённым аддзяленні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Таццяна – у Мазырскім медыцынскім каледжы. Старэйшая дачка Людміла ўжо стала дыпламаванай настаўніцай, выйшла замуж і выкладае зараз замежную мову ў Казялужскай сярэдняй школе, дзе і вучыцца цяпер у 10-м класе яе малодшая сястра Вольга.



– Неяк здарылася так, што я засталася адна, – расказвае Таццяна Анатольеўна. – Дзеці раз’ехаліся па месцах вучобы, Вольга разам з класам была на аздараўленні ў санаторыі, а муж трапіў у бальніцу. І такі нязвыклы сум мяне ўзяў – як жа гэта людзі могуць жыць у такой адзіноце?! Вось тады мы і вырашылі нарадзіць яшчэ адно дзіця…
Так супала, што маленькая Маргарытка нарадзілася 10 чэрвеня, а назаўтра, 11-га, споўнілася 23 гады сумеснага жыцця Таццяны Анатольеўны і Сяргея Аляксандравіча Корбітаў – не за гарамі ўжо і сярэбранае вяселле.



Характэрна, што і самі бацькі ў гэтай сям’і – таксама выхадцы з мнагадзетных сялянскіх сем’яў. Так яно звычайна і атрымліваецца, што людзі, якія нарадзіліся і выраслі ў мнагадзетных сем’ях, самі потым таксама маюць многа дзяцей. І колькі добрых і прыстойных сем’яў дасць у будучым нашай зямлі працавітая і дружная сям’я Корбітаў! Дай Бог, каб у іх і надалей усё атрымлівалася.


 


Віктар НАЗАРАНКА.    



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *