Сумеснымі сіламі

Сельское хозяйство

Апошнія дні лета для механізатараў, занятых у сельскай гаспадарцы, – адказны і напружаны час. Завяршаецца жніво, на чарзе – азімая сяўба, і на вызваленых ад збожжавых культур плошчах кіпяць работы па вывазцы саломы.



У гэтым працаўнікам вёскі дапамагаюць работнікі прамысловых арганізацый і ўстаноў горада. Яшчэ 22 ліпеня райвыканкам прыняў рашэнне № 217 аб стварэнні спецыяльнага мехатрада, які павінен займацца менавіта вывазкай саломы. У адпаведнасці з гэтым рашэннем на палях агракамбіната «Віць» працуюць зараз людзі і тэхніка з ДПТВ-183 і завода гідраапаратуры, у эксбазе «Стралічава» вывазкай саломы займаюцца работнікі Хойніцкага ПМС, ДЭУ-155 і ПДРЭЗ, у «Велеціне» гэтай справай заняты механізатары і вадзіцелі ДЛГУ «Хойніцкі лясгас» і Хойніцкай ПМК, у КСУП імя Мележа – ДБУ-23.



На вызваленых ад пасеваў плошчах зараз працуюць 34 прэс-падборшчыкі, яны прасуюць салому, якая потым пагрузчыкамі – КУНамі на базе трактара МТЗ-82 грузіцца на машыны і трактары. Канечныя кропкі гэтага тэхналагічнага ланцуга – буртавое поле, кашары малочнатаварных ферм і прылягаючыя да іх тэрыторыі. Зімой гэтая салома будзе ў асноўным выкарыстоўвацца для стварэння і паднаўлення глыбокай падсцілкі для ўтрымання жывёлы ў стойлавы перыяд.



У першую чаргу ад саломы вызваляюцца плошчы, на якіх у заключнай дэкадзе жніўня павінна пачацца сяўба азімага рапсу, а крыху пазней – азімай пшаніцы. Усяго ж сумеснымі сіламі сельскіх і гарадскіх механізатараў і вадзіцеляў ад саломы ўжо вызвалена амаль палова неабходных плошчаў – 5422 гектары, у скірды пакладзена 7804 тоны прасаванай саломы.



А. КАЛЫХАН, галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *