Прамянялі дзяцей на спіртное


Гэтыя жанчыны не паддаюцца ні ўгаворам, ні прымусу, не могуць зразумець, што такое добра, а што дрэнна. Нарадзіўшы дзяцей, не могуць даць ім самага элементарнага: стварыць умовы для жыцця, накарміць, апрануць, не гаворачы ўжо аб тым, каб выхаваць дастойнымі людзьмі.

Абавязана плаціць дзяржаве, якая ўзяла пад сваё крыло яе дзяцей, Валянціна Равяка. Уладкавалі яе  на Забалацкую ферму ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”. Пастаянна  незадаволеная, маўляў, заробкі малыя, ды і з тых вылічваюць. Тут, як кажуць, хто на што вучыўся. А нехта самастойна навучыўся жыць і за кошт дзяцей.

Галіна Рак жыве па вуліцы Настольскай. Напрацаваўшыся днём прыбіральшчыцай у кафэ “Палессе”, не пацікавіўшыся нават, чым занята непаўналетняя дачка Вікторыя, уначы вырашыла па поўнай “адцягнуцца”. Дома моцным храпам скаланаў паветра яе сужыцель, а Галіна Сямёнаўна  гасцявала ў суседа. Уключылі на поўную магутнасць магнітафон і слухалі музыку. Безумоўна ж, не Баха, не Шапэна, не Моцарта, а цяжкі рок. Ад класікі Галіне плакаць хочацца. А для рэўнасці ў сужыцеля няма ніякіх падстаў. Людзі яны вольныя, у царкве не венчаныя.

Забралі дзяцей у барысаўшчанкі Наталлі Гаркушэнка (здымак уверсе). Адумацца б, весці нармальны лад жыцця, аднак засмактала 25-гадовую маладзіцу багна бяспуцця.

Шасцёра дзяцей, з якіх чацвёра непаўналетнія, у Галіны Ерашок. У доме антысанітарыя. У тую ноч, як пабывалі тут супрацоўнікі міліцыі, прадстаўнікі аддзела адукацыі  і камісіі па справах непаўналетніх,  каля гарачай, як пясок Сахары, печы спала дзіця. Для спіўшайся Галіны ўсе яе дзеці сталі як непатрэбныя рэчы ў пакоі. І вырашаецца пытанне, каб пазбавіць яе мацярынскіх правоў.

Знайшлі ў той вечар Ерашок на вуліцы Катоўскага, дзе яна бавіла час з немаладым, але цікавым для яе мужчынам. Убачыўшы правяраючых, хацела Галіна схавацца, палезла пад ложак (здымак унізе).

Бываюць у гэтых жанчын і мінуты прасвятлення. Але, на жаль, вельмі рэдка. Вінавата ва ўсім зладзейка з наклейкай, якая стала яна для іх радней дзяцей родных.


А. ЛОБАН, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *