Выйсце шукалі разам


Вуліца Новая ў вёсцы Паселічы была пабудавана ў 1986 годзе. Менавіта тады, у сумна вядомы чарнобыльскі час, у эксплуатацыю было здадзена роўна 50 цагляных жылых дамоў з вулічным водаправодам, паравым ацяпленнем, ваннымі пакоямі і туалетамі. Некалькі першых год навасёлы карысталіся дабротамі цывілізацыі, а потым, з сярэдзіны 90-х, і пайшлі перабоі з водазабеспячэннем. То выходзіла са строю помпа, якая ганяла ваду па сістэме і якую двойчы мянялі, то адбываліся парывы на лініі. Але не паспявалі залатаць у адным месцы, як вада сачылася ў іншым. У выніку, пакрытая ямінамі і катлаванамі вуліца, сёння зусім не апраўдвае сваю назву, а выгляд мае такі, быццам падверглася бамбёжцы. Гэтае ўражанне ўзмацняецца і тым фактам, што зараз тут засталося толькі 21 «жывое» домаўладанне, а пакінутыя ад’ехаўшымі ў іншыя мясціны гаспадарамі, дамы знесены і  на іх месцы засталіся пустэчы.



Аднак адводы ад магістральнага водаправода да гэтых дамоў-фантомаў засталіся і раз-пораз нагадваюць аб сабе новымі разлівамі вады – саржавелыя за 25 гадоў металічныя трубы не вытрымліваюць патрэбнага ціску. З-за гэтага, а таксама з-за парываў на адводах у «жывыя» дамы без вады застаецца ўся вуліца. Сёлета, як і кожны год, тут вядуцца чарговыя рамонтныя работы, а людзі па-ранейшаму пакутуюць без вады ад красавіка месяца. Хаця вясковаму жыхару яна патрэбна не толькі для задавальнення ўласных пітных, харчовых і гігіенічных патрэб, для сістэмы ацяплення (пра ванны ўжо маўчым), але і для ўтрымання хатняй жывёлы, агародаў. А сёння на ўсю вуліцу  ўсяго тры калодзежы, пабудаваныя жыхарамі, якія страцілі цярпенне чакаць выканання абяцанак. Залішне казаць, што вада з іх выбіраецца ўжо з самой раніцы…



Раставіць кропкі над «і» дапамагла сустрэча жыхароў вуліцы з намеснікам старшыні райвыканкама А.У. Машэўскім, старшынёй Паселіцкага сельвыканкама Л.М. Зелянкоўскай, дырэктарам КСУП «Веляцін» Р.А. Гардзейчыкам і галоўным інжынерам КЖУП «Хойніцкі камунальнік» С.У. Несцярэнкам, якая адбылася 15 жніўня. Спачатку размова вялася на павышаных танах і толькі пасля выпляску зразумелых людскіх эмоцый яна перайшла ў канструктыўнае рэчышча.



Хаця не абышлося тут без міжведамаснай блытаніны. Справа ў тым, што магістральны водаправод (які, дарэчы, захаваўся ў нармальным эксплуатацыйным стане) знаходзіцца на балансе жылкамунгаса, а адводы і самі домаўладанні – на балансе КСУП «Веляцін». Зрэшты, кампраміс набыў такую форму: камунальнікі абразаюць усе няспраўныя адводы да дамоў і аднаўляюць работу вулічных водаразборных калонак і падачу вады ў жылыя дамы, дзе няма парываў (тэрмін выканання – да 20 жніўня), а сельгаспрадпрыемства за свой кошт набывае трубы і краны для пракладкі новых урэзак.



Нельга не ўспомніць і такі факт. Жыхары вуліцы ў адзін голас скардзіліся на нетактоўныя і нават грубыя паводзіны майстра Стралічаўскага ўчастка КЖУП «Хойніцкі камунальнік» І.С. Казлова, які адказвае за жыллёва-камунальныя паслугі на тэрыторыі Паселіцкага сельсавета. Думаецца, што гэта той самы выпадак, калі патрэбна і ўладу выкарыстаць: крыўдзіць пажылых людзей – апошняя справа.



Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *