Не будзе каму вады падаць


Часовае вета на выхаванне дзяцей можа стаць пастаянным, калі маці не возьмецца за розум –   такі вердыкт быў вынесены на пазачарговым выязным пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх пад старшынствам старшыні камісіі, намесніка старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўскай, з удзелам намесніка пракурора раёна М.Л. Беларусава ў адносінах да жыхаркі нашага горада Н.К. Бярнацкай. Разглядвалася пытанне аб прызнанні яе дзяцей, сына Уладзіслава, 2002 года нараджэння, і дачкі  Марыі, 2005 года нараджэння, маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне згодна з Дэкрэтам № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях».



9 жніўня  прыбылі ў СШ № 3 члены камісіі, «група падтрымкі» Бярнацкай з ліку яе калег, аднак саму «віноўніцу» мерапрыемства давялося чакаць і вызваньваць па тэлефоне, хаця ў ЖЭУ, дзе працуе, запэўнілі, што з працы адпушчана.



Ж.М. Чарняўская прапанавала выслухаць меркаванні аб дзецях Бярнацкай педагогаў і выхавальнікаў. Як высветлілася, Уладзіслаў, чацвёртакласнік СШ  № 3, мае па вучобе вялікія затрымкі. Па характару агрэсіўны, па гэтай прычыне аднакласнікі з ім дружбу не водзяць. Калі не хоча па выкліку настаўніцы выходзіць да класнай дошкі, то ў адрас педагога пасылае ненарматыўную лексіку. Марыя, наведвальніца дзіцячага сада № 4 горада, наадварот, па характару замкнутая, па медыцынскіх паказаннях,  педагогі працуюць  з ёй па індывідуальнаму плану.



Як адзначалася, і хлопчык, і дзяўчынка прыходзяць у школу і сад заўсёды акуратнымі. Але ў гэтым заслуга зусім не іх маці, а бабулі, Марыі Іванаўны Філончык, якая па сутнасці займаецца падтрыманнем знешняга выгляду ўнукаў. З-за злоўжывання алкаголем маці, Наталля Канстанцінаўна, паста-янна не працуючая, маючая статус маці -адзіночкі, неаднаразова разглядвалася на камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкаме. Тры гады таму назад сям’я Н.К. Бярнацкай была прызнана сацыяльна небяспечнай.
 З працаўладкаваннем дапамаглі, аднак жанчына, маляр 3 разрада ЖЭУ КЖУП «Хойніцкі камунальнік», да сваіх абавязкаў адносіцца вельмі дрэнна. Можа, не растлумачыўшы прычыны, пайсці  з работы. Атрымае зарплату  або дапамогу на дзяцей  і пускае гэтыя грошы на прапой. Бывала, што заходзячы ў кватэру, педагогі часта бачылі п’яную маці і пусты халадзільнік. Дзеці неаднаразова змяшчаліся на часовае ўтрыманне ў дзіцячае аддзяленне райбальніцы, медыкі якога лічаць іх «сваімі» пацыентамі, а ў жніўні летась  –  у Барысаўшчанскі сацы-яльны прытулак, куды, дарэчы, каб праведаць іх, Н.К. Бярнацкая ні разу не прыехала.



Прайшоўшы кадзі-раванне ад алкагалізму, прынесла даведку аб гэтым у камісію па справах непаўналетніх. Клятвенна заверыўшы, што стала на шлях выпраўлення, прасіла вярнуць дзяцей. Ёй пайшлі насустрач. Але трымалася без спіртнога ні многа ні мала – тры месяцы.  Потым усё пайшло па накатанай сцяжынцы – папойкі аднавіліся з новай сілай. А калі быў зафіксаваны факт, што Н.К. Бярнацкая «забылася» ў кампаніі мужчын-сабутэльнікаў дачку Марыю і адзін з іх прывёў дзяўчынку дамоў апоўначы, дзеці зноў былі змешчаны ў райбальніцу і падрыхтаваны дакументы аб узяцці дзяржаўнай структуры іх у свае рукі.



На пытанне членаў камісіі, як жанчына адносіцца да адабрання дзяцей, тая прамаўчала. Ужо з гэтага відаць, што лёс уласных дзяцей гора-маці зусім абыякавы. І спакойна падпісала праект рашэння камісіі аб змяшчэнні непаўналетніх сына і дачкі ў сацыяльны прытулак тэрмінам на 6 месяцаў, атрымаўшы статус абавязанай асобы з усімі выцякаючымі адсюль наступствамі, а дзеці – статус сірот пры жывой маці.



І ўсё ж Бярнацкай дадзены яшчэ адзін шанс вярнуць дзяцей. А гэта магчыма пры ўмове праходжання курса лячэння ад алкагалізму,  бо сама справіцца з зялёным зміем не можа, выканання працоўных абавязкаў, выплаты дзяржаве грошай за ўтрыманне дзяцей. У адваротным выпадку Н.К. Бярнацкую судом пазбавяць бацькоўскіх правоў.
Кодэкс аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь устанаўлівае, што бацькі маюць прыроджанае «жалезабетоннае» права на выхаванне сваіх дзяцей. І калі Н.К. Бярнацкая па ўласнай волі пазбавіць сябе радасці зрабіць гэта, то будзе шкадаваць аб гэтым усё жыццё. Асабліва ў старасці, калі, як кажуць, не будзе каму стакан вады падаць.


 


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *