Каб цукровыя былі прыбытковыя

Сельское хозяйство

На базе КСУП “Судкова” прайшоў раённы семінар-нарада па вырошчванню цукровых буракоў. На яго былі запрошаны кіраўнікі, галоўныя аграномы сельгаспрадпрыемстваў, спецыялісты райсельгасхарчу.

Адкрыла мерапрыемства начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкома Н.А. Слесарэнка. Яна падкрэсліла, што паўсюдна трэба распрацаваць умовы працоўнага саперніцтва за дасягненне добрых паказчыкаў на вырошчванні буракоў.

Намеснік дырэктара Гарадзейскага цукровага камбіната І.К. Абрамовіч адзначыў, што цукровыя буракі – культура вельмі  патрабавальная да агратэхнікі ў адрозненне ад збожжавых, да таго ж вельмі затратная, але ад іх вырошчвання гаспадаркі могуць мець вялікі прыбытак. Камбінат – адказны партнёр сельскіх працаўнікоў раёна ў справе вырошчвання цукровых буракоў. Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў прайшлі адпаведную вучобу, з гаспадаркамі заключаны дагаворы на супрацоўніцтва.

Старшы навуковы супрацоўнік Нясвіжскай станцыі па вырошчванню цукровых буракоў М.А. Лук’янюк падкрэсліў важнасць выканання ўсяго комплексу глебаапрацоўчых работ, якія папярэднічаюць сяўбе буракоў: ворыва, закрыцця вільгаці, унясення арганікі і мінеральных угнаенняў.

Вялікая ўвага на семінары была ўдзелена выкарыстанню новай тэхнікі – сеялкі нямецкай вытворчасці (на здымку ўнізе). Пасля пленарнага пасяджэння, якое праходзіла ў зале Судкоўскага СДК, механізатары КСУП “Судкова” прадэманстравалі паказальную сяўбу новым высокапрадукцыйным пасяўным агрэгатам – сеялкай  КУН “Плантэр-2”, якая была закуплена ў красавіку бягучага года. Яе прадукцыйнасць складае 35 – 40 гектараў за дзень. Разлікі за сеялку будзе праводзіць КСУП “Судкова”, а карыстацца ёю будуць ва ўсіх гаспадарках раёна.  Пра будаўніцтва і тэхналагічныя асаблівасці новага пасяўнога агрэгата расказаў удзельнікам семінара інжынер па сервісу “Белроссервис” У.М.  Ільюк. Ен таксама прадэманстраваў спадарожнікавы навігатар, які дазваляе ў рэжыме рэальнага часу сачыць за месцазнаходжаннем тэхнікі, адпрацоўкай паліва ў ходзе выканання работ і мае многа іншых карысных функцый.


Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *