Працуе на сумленне


Вёска з прыгожай назвай Дубровіца займае асаблівае месца ў жыцці Людмілы Мікалаеўны Худзенка. Тут, у сям’і жывёлаводаў, яна нарадзілася, тут атрымала першыя навыкі аператара машыннага даення – рабоце з мудрагелістым апаратам для машыннай дойкі яе пазнаёміў бацька Мікалай Андрэевіч, тут, на МТФ «Хойніцкага Аграсервіса», працуе яна і сёння. Працуе на сумленне, так, каб потым не было сорамна за вынікі, працуе так, як вучыла яе некалі маці Галіна Сцяпанаўна – таксама даярка, якая ўсё жыццё аддала жывёлагадоўлі.



Па заканчэнні Аме-лькаўшчанскай 8-годкі выбрала яна прафесію повара, нават закончыла па гэтай спецыяльнасці Хойніцкае ДПТВ-183, аднак лёс склаўся так, што ў 1996 годзе вярнулася Людміла Мікалаеўна ў родную Дубровіцу. З таго часу вось ужо 15 гадоў кожны дзень знаёмай сцяжынкай крочыць яна на Дубровіцкую малочнатаварную ферму. Некалі тут працаваў вялікі і дружны калектыў, але сёння з даярак на ферме засталіся толькі Л.М. Худзенка, а таксама яе сяброўка і кума Жанна Уладзіміраўна Добыш. Падменнай даяркай працуе Марыя Аляксандраўна Добыш.



Колькасць кароў на ферме падзелена – 54 галавы ў групе Людмілы Мікалаеўны, 55 – у Жанны Уладзіміраўны.
– Работай даярак Дубровіцкай МТФ у цэлым задаволены,– гаворыць дырэктар ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» Аляксандр Аляксандравіч Максімовіч.– Людміла Мікалаеўна і Жанна Уладзіміраўна да сваіх абавязкаў ставяцца старанна і прафесійна. Таму і работа ў іх спорыцца.
Напрыклад, Л.М. Худзенка за 7 месяцаў года надаіла 110202 кг малака. У сярэднім на карову атрымліваецца 2900 кілаграм.



Рабочы дзень на ферме пачынаецца рана, яшчэ далёка зацемна. Жывёлу кормяць, пояць, а потым надыходзіць час ранішняй дойкі. Праўда, зараз статак знаходзіцца ў летнім лагеры, жывёла пасвіцца сама пад наглядам даглядчыкаў. Для паўнацэннасці і збалансаванасці рацыёну атрымлівае неабходныя дабаўкі, на месца знаходжання пастаянна завозіцца соль і вада.



Кароў дояць двойчы на дзень пры дапамозе перасоўнай даільнай устаноўкі. Людміла Мікалаеўна ўспамінае, як на раённым конкурсе аператараў машыннага даення, які праводзіўся ў чэрвені гэтага года, ёй давялося спаборнічаць са сваімі калегамі з іншых гаспадарак раёна ў гэтым кампаненце работы. А яшчэ трэба было прадэманстраваць тэарэтычныя веды, уменне хутка сабраць і разабраць даільны апарат. З усімі гэтымі конкурснымі заданнямі Л.М. Худзенка справілася бліскуча і заслужана атрымала званне пераможцы ў самай прэстыжнай, старэйшай (за 31 год) узроставай катэгорыі.



За гэта Людміла Мікалаеўна атрымала адпаведны Дыплом, прыгожы пушысты плед і грашовую прэмію. Дарэчы, гэта быў другі яе ўдзел у раённым прафесійным конкурсе. А ўпершыню спаборнічала ў такім мерапрыемстве яна ў 2004 годзе. І той дэбютны для яе конкурс таксама быў паспяховым – у ім Л.М. Худзенка заняла другое месца.
– У тэарэтычнай і практычнай частках конкурса мне дапамаглі не веды з падручніка, а тыя ўменні і навыкі, якія я атрымала ад бацькоў, а таксама спасцігла са свайго прафесійнага вопыту, – расказвае Людміла Мікалаеўна.  



Так, за 15 гадоў сумленнай і бездакорнай працы можна дасягнуць многага. У тым ліку і звання лепшай у раёне.



Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *