Да Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Памяць праз гады

Образование

Настаўнікі і вучні агульнаадукацыйных школ раёна прынялі актыўны ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Халакост. Гісторыя і сучаснасць. Урокі талерантнасці”.

Дыпламантам конкурсу стала вучаніца гарадской сярэдняй школы № 3 Аксана Балашчанка. Падзячныя пісьмы атрымалі настаўніца гісторыка-грамадазнаўчых дысцыплін Партызанскай сярэдняй школы Л.І. Лабанава, вучань СШ № 3 Аляксандр Жаўняк і навучэнка дзяржаўнай гімназіі г. Хойнікі Вольга Калейчык.

Першае месца ў конкурсе заняла настаўніца геаграфіі гарадской сярэдняй школы № 2 С.П. Сачанка, якая запісала ўспаміны жыхара Салігорскага раёна В.Ф. Пузевіча. Урывак з работы прапануем увазе чытачоў “ЛС”.

… Іосіфа Корзуна, яўрэя па нацыянальнасці, у армію не ўзялі: у яго было бяльмо на воку, з-за чаго позірк здаваўся нейкім касаватым. Па характару ён быў чулым і добразычлівым чалавекам. Да таго ж пісьменным – да вайны закончыў пяць класаў польскай школы. Меў уласны магазін.

Калі на Палессі з’явіліся першыя  партызанскія атрады і злучэнні, Юзік, як усе называлі Іосіфа, падтрымліваў з імі цесную сувязь. Дапамагаў харчаваннем і адзеннем, нават аддаў свой радыёпрыёмнік.

Калі немцы пачалі сілай забіраць людзей для адпраўкі ў Германію, Корзун перавёз сваю сям’ю ў вёску Лугі. Сам жа пайшоў у партызанскі атрад, які базіраваўся пад Чудзінам, і расказаў, што прадпрымаюць немцы. Камандзір атрада адразу ж аддаў загад тэрмінова выступіць і перахапіць фашыстаў па шляху на чыгуначную станцыю Люшча. Партызаны падаспелі своечасова: немцаў знішчылі, людзі вярнуліся дамоў. Праўда, адна машына з мірнымі людзьмі і адна з жывёлай усё ж вырваліся з партызанскага кальца і паехалі ў напрамку Лунінца.

Жонка Іосіфа з дзецьмі вярнулася дамоў. А дзён праз пяць пасля гэтага ў Чучавічы зноў наляцелі на трох машынах фашысты. Яны вырашылі разлічыцца з мірным насельніцтвам за сарваную партызанамі аперацыю па вывазу людзей і жывёлы ў Нямеччыну.

Мясцовыя паліцаі віну за здарыўшаеся пераклалі на партызан. Але немцы здагадаліся, што нехта папярэдзіў народных мсціўцаў. Тады паліцаі ўказалі на сям’ю Корзуна, маўляў, сюды часта наведваліся партызаны.

Фашысты пасадзілі ў адну з машын Іосіфа і яго старэйшага 14-гадовага сына і загадалі паказаць дарогу да партызан. Яго жонку Тэклю і трох малодшых дзяцей пакуль пакінулі дома, праз перакладчыка растлумачылі, што калі муж і сын завядуць да партызан, усім ім захаваюць жыццё.

Іосіф Корзун разумеў, што ні яго самога, ні яго сям’ю ні за што не пакінуць у жывых. Прычым яўрэйскую сям’ю. Павёў фашыстаў да чудзінскай грэблі, працягласцю каля трох кіламетраў, якая праходзіла па гразкаму балоту. Прыехаўшы сюды, немцы зразумелі задумку Корзуна. Але было позна: першая машына павалілася на бок і яе паступова пачало засмоктваць балота. Другая машына пярэднімі коламі саскочыла з грэблі і таксама правалілася ў багну. Іосіф з сынам  паспелі выскачыць з кабіны, і ў наступнае імгненне багна поўнасцю засмактала машыну з часткай нямецкіх салдат. Бацька  шапнуў сыну, каб той бег улева ад грэблі ў бок сасновага лесу, дзе павінны быць партызаны. Сам вырашыў застацца з немцамі і пакласціся на волю лёсу. У тым, што немцы далей не пройдуць, ён быў упэўнены абсалютна.

Заўважыўшы ўцякаючага хлопца, фашысты адкрылі па ім агонь з аўтаматаў. Расстралялі і яго бацьку. Адну машыну неяк выцягнулі з балота і, не далічыўшыся сваіх салдат, на дзвюх машынах вярнуліся ў вёску. Прама ў хаце расстралялі жонку Іосіфа і трох малалетніх дзяцей.

Партызаны чулі стрэлы на чудзінскай грэблі. Там яны ўбачылі мёртвых Іосіфа і яго сына. У сасновым лесе іх пахавалі партызаны. А на другі дзень даведаліся аб трагедыі ў вёсцы. Тэклю і трох дзяцей пахавалі побач. А помнік гэтай сям’і  на тым месцы паставілі пасля вайны. На глыбе з чорнага каменя выбіты вялікімі літарамі словы: “Тут пахаваны Корзун Юзік, яго жонка Тэкля і іх чацвёра дзяцей. Вечная ім памяць!”

Так ушанаваны подзвіг яўрэйскай сям’і, загінуўшай ад рук нямецкіх акупантаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *