Рэканструкцыя ўласнымі сіламі

Добраўпарадкаванне

Усё менш і менш часу застаецца да пачатку зімова-стойлавага перыяду ўтрымання жывёлы. Пагэтаму адной з асноўных задач, якія зараз стаяць перад працаўнікамі жывёлагадоўчай галіны раёна, з’яўляецца падрыхтоўка вытворчых памяшканняў ферм і комплексаў да работы ў зімовых умовах.



У гэтыя цёплыя вераснёўскія дні асаблівае  напружанне пануе на  рэканструкцыі Паташэнскай малочнатаварнай фермы сельгаспрадпрыемства «Судкова». За перыяд з пачатку лета тут ужо многае зроблена, але нямала работ яшчэ патрэбна выканаць. Справа ў тым, што два жывёлагадоўчыя памяшканні на 1000 галоў, злучаныя галерэяй, не выкарыстоўваліся ў сельгасвытворчасці яшчэ з дачарнобыльскіх часоў. Раней тут утрымліваўся маладняк на адкорме, зараз жа вырашана размясціць на гэтым комплексе 500 галоў дойнага статка. Усе сілы будаўнікоў зараз сканцэнтраваны на адным з двух памяшканняў, чарга ж рэканструкцыі другога надыдзе ў наступным летнім сезоне.



Зараз у абнаўляемым пад бяспрывязнае ўтрыманне жывёлы памяшканні вядуцца работы па бетанаванню падлогі, для больш эфектыўнага захоўвання цяпла закладваюцца цэглай лішнія вокны, а замест шкла ў іх будзе ўстаноўлены больш сучасны матэрыял – полікарбанат.



Яшчэ раней вялікі аб’ём работ быў выкананы па ачыстцы памяшканняў ад гною і засыпцы шчэбенем каналаў ранейшай сістэмы гноевыдалення.
Вядзецца замена дахавага пакрыцця. Прадугледжана таксама ўстройства кармавых сталоў, радзільнага аддзялення і стацыянарнага малочнага блока.



Нельга не адзначыць, што ўсе віды работ выконваюцца ўласнымі сіламі гаспадаркі. Асноўны іх цяжар, канешне ж, кладзецца на плечы рабочых будаўнічай брыгады сельгаспрадпрыемства, у саставе якой ёсць і кваліфікаваныя муляры цесляры, рабочыя іншых будаўнічых спецыяльнасцей. Але прыцягваюцца да работ па рэканструкцыі абслуговы персанал Паташэнскай МТФ, работнікі бухгалтэрыі гаспадаркі.  


 


Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *