Аб Беларусі – з любоўю


Для нас, жыхароў Беларусі, наша краіна асацыіруецца з шумам дуброў і векавых пушчаў, з блакітнымі азёрамі, шырокімі нівамі і мядовымі лугамі, чаруючымі галасамі «Песняроў». Беларусь – гэта песня, гэта казка. Беларусь глыбока западае ў душу, у самае сэрца. Таму што яна родная, блізкая, зразумелая, цудоўная краіна. Гэтак жа глыбока ў душу западае наша краіна для людзей, якія трапляюць да нас ўпершыню. Як жыхару нашай суседкі -Украіны Роберту Георгіевічу Шміду, які наведаўся ў рэдакцыю «Хойніцкіх навін», каб падзяліцца сваімі ўражаннямі аб знаходжанні на гасціннай беларускай зямлі.



Я – ўраджэнец горада Вінніцы, зараз вучуся завочна ў мясцовым педагагічным універсітэце на факультэце фізічнага выхавання. Да гэтага закончыў тут вышэйшае вучылішча сувязі, набыў спецыяльнасць аператара тэлефоннай сувязі і радыёфікацыі. Вельмі люблю падарожнічаць. Пабываў у многіх краінах свету – Польшчы, Францыі, Германіі, Іспаніі, Партугаліі… Але найлепшыя ўражанні засталіся ад наведання Беларусі.



Па-добраму ўражвае акуратнасць і парадак на зямлі. Пераязджаеш мяжу з Украінай – і адразу адзначаеш рэзкі кантраст: палі ў вас роўныя, чыстыя, ўрадлівыя,  такія ж чыстыя і прыгожыя гарады і вёскі. Пару тыдняў знаходзіўся ў знаёмых у вёсцы Глінішча. І магу параўнаць гэты населены пункт з аналагічнымі  ўкраінскімі. На тэрыторыі вашай функцыяніруе даволі магутнае сельгаспрадпрыемства, нашы ж сяляне з-за адсутнасці гэтага вымушаны выязджаць на заробкі за межы Украіны. У Хойніках працуе шэраг прамысловых прадпрыемстваў, ва Украіне ж пераважвае індывідуальнае прадпрымальніцтва, возьмуць на працу, а пра заробак могуць і забыцца.



У вашым райцэнтры вельмі цудоўны парк са стадыёнам згодна з еўрапейскімі стандартамі, на маёй радзіме ўвага аб’ектам сацкультбыту, можна сказаць, зусім не ўдзяляецца, не лічачы, канешне, сталіцы і вялікіх гарадоў.



На маю думку, Беларусі дзіўным чынам ўдалося ўзяць самае лепшае ад Еўропы і Расіі, захаваўшы пры гэтым сваю самабытнасць. У ёй няма налёту цвілі старой Еўропы з яе каварнымі інтрыгамі, змрочнай готыкай, але прысутнічае прыроджаная інтэлігентнасць, вялікасная прыгажосць, грацыя і вытанчанасць.
Сапраўдным адкрыццём сталі для мяне гарады Мінск і Гомель. Да гэтага не даводзілася бачыць такіх прасторных, напоўненых чыстымі фарбамі і ясным святлом гарадоў, дзе цудоўнае літаральна ўсё.



Хачу падзяліцца агульнымі ўражаннямі, якія асабіста ў мяне пакінула паездка ў вашу рэспубліку. Беларусь – краіна прыгожых, чулых, усмешлівых і светлых людзей. Асобна хачу сказаць аб беларускай міліцыі. Ніколі ў жыцці не сустракаў такіх лаяльных супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія сочаць за парадкам, дапамагаюць людзям, а не наганяюць страх і бяруць хабары.



Падарожжа ў Беларусь пакінула такое светлае, чыстае пачуццё, што нават горыч неабходнасці ад’езду, смутак разлукі, асэнсаванне таго, што нешта не паспеў, не пабачыў, не змаглі поўнасцю растварыцца ў ім. Нават тое шкадаванне, што непазбежна з’яўляецца пасля кожнай паездкі, змянілася калейдаскопам яркіх уражанняў, новых адчуванняў, шматгранных эмоцый. І вялікім пачуццём удзячнасці да вашай Хойнікшчыны і Беларусі. Мне нястрымна хочацца яшчэ раз вярнуцца сюды, каб наталіцца чысцінёй і свежасцю прыроды, папіць з крыштальнай крыніцы запаветных таямніц і векавых ведаў. І, канешне ж, прайсціся па прасторных, напоўненых сонечнай энергіяй і святлом, цудоўных беларускіх мясцінах.



Запісала Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *