Рукам працавітым пашана

Культура

Наўрад ці друкаванае слова перадасць усю святочную атмасферу ўрачыстага мерапрыемства, прымеркаванага падвядзенню вынікаў раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю, нарыхтоўцы кармоў і ў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, якое прайшло ў аграгарадку Стралічава.

Перад святам саступіла нават надвор’е – панавалі лёгкі марозец і яркае сонейка. Арганізатары мерапрыемства добра пастараліся, каб святочны настрой быў не толькі ў пераможцаў жніўнага спаборніцтва, але і ва ўсіх жыхароў і гасцей аграгарадка. На плошчы каля Стралічаўскага Цэнтра вольнага часу і ў фае працавалі кірмашовы гарадок, цір, разгарнуліся выстаўкі-продажы ўстаноў гандлю, грамадскага харчавання, народнай творчасці і інш.
Па традыцыі адкрыў мерапрыемства старшыня райвыканкама. А.У. Бандарэнка павіншаваў прысутных хлебаробаў, корманарыхтоўшчыкаў, працаўнікоў перапрацоўчай прамысловасці, падкрэсліў важнасць іх укладу ў агульны каравай раёна і атрыманне лепшых паказчыкаў у жывёлагадоўлі, выказаў упэўненасць у тым, што наступным годам ураджай збожжавых будзе яшчэ больш багаты. Ён адзначыў, што толькі разам мы можам дабіцца выдатных вынікаў. І ў гэтым заслуга ўсіх працаўнікоў вёскі, а таксама спецыялістаў і кіраўнікоў, якія ўмела арганізавалі вытворчасць.

Кожнаму кіраўніку сельгаспрадпрыемства ўручылі духмяны хлебны каравай – сімвалічную часцінку агульнараённага. Затым старшыня райвыканкама А.У. Бандарэнка, старшыня райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар, намеснік старшыні райвыканкама А.П. Гура, старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Н.М. Малаш уручылі Ганаровыя граматы, грашовыя прэміі, падарункі кіраўнікам гаспадарак, пераможцам раённага жніўнага і кормаўборачнага спаборніцтва, механізатарам і вадзіцелям, жывёлаводам, ветэранам галіны АПК, адзначылі і маладых спецыялістаў (прозвішчы лепшых з лепшых друкавалі ў мінулым нумары раёнкі).

Добрае і яскравае свята атрымалася. А суправаджалі ўсю гэту ўрачыстасць песні і танцы. Куды ж без іх, звонкіх і запальваючых?! Свае лепшыя нумары пераможцам жніва і гасцям мерапрыемства прысвячалі народны ансамль «Крыніца» ДШМ, вакальнае жаночае трыа калектыву «Песні над Палессем», ансамбль «Грамада», танцавальны калектыў «Каскад» і многія іншыя таленавітыя артысты самадзейнасці раёна. Добры настрой са сцэны дарылі вядучыя А. Бутэнка і М. Краўчанка.

Тэкст і фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *