Лік сустрэчы змяніць нельга

Спорт

10 верасня завяршыўся групавы турнір першынства Гомельскай вобласці па футболу сярод каманд другой лігі. Апошнім выязным маршрутам футбалістаў зборнай каманды нашага раёна стаў нараўлянскі напрамак. У горадзе над Прыпяццю хайнічане і правялі заключны гасцявы паядынак гэтых спаборніцтваў.



На жаль, на гэты раз нашы землякі не ўзбагацілі свой ачковы багаж важкімі здабыткамі. Ужо ў першай палове сустрэчы футбалісты з Нароўлі завалодалі гульнявой перавагай, якая яшчэ да перапынку трансфарміравалася ў лічбы 2:0 на табло.



У другім тайме інтрыгу, быццам бы, рэаніміраваў пенальці, прызначаны за знос у штрафной пляцоўцы гаспадароў поля хайнічаніна Аляксандра Дзягцярыка і дакладна рэалізаваны Аляксандрам Кліменкам. Аднак праз некалькі хвілін пасля гэтага нараўлянцы забілі трэці мяч у вароты хайнічан, і ўсё на гэтым было закончана – 3:1 на карысць гаспадароў поля. Нагадаем, што першая сустрэча паміж гэтымі ж сапернікамі ў Хойніках закончылася з такім жа лікам, але на карысць хайнічан.



На гэтым можна было б і паставіць кропку, але сёння пройдзе адкладзены дамашні матч з камандай Акцябрскага раёна. Ён не толькі стане дакладна ўжо апошнім матчам зборнай раёна ў гэтым сезоне, але і дасць адказ на пытанне, хто з яго ўдзельнікаў зойме больш прэстыжнае трэцяе выніковае месца, а хто – чацвёртае.  



Віктар Назаранка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *