Галоўны арыенцір – экспарт прадукцыі


12 верасня на заводзе жалезабетонных вырабаў сабраліся кіраўнікі  ўсіх прамысловых прадпрыемстваў раёна, людзі, якія робяць эканамічную пагоду ў нашым доме – Хойнікшчыне, каб абмеркаваць актуальныя пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна.



Пасля таго як дырэктар завода У.І. Захожы расказаў аб узначальваемым калектыве, азнаёміў з відамі выпускаемай прадукцыі, запрасіў на кароткую экскурсію ў вытворчы цэх, удзельнікі нарады сабраліся ў актавай зале. З інфармацыяй аб выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна  за студзень-жнівень сёлета выступіла галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Л.А. Кацнельсон. У прыватнасці, было адзначана, што ўсяго па раёну выкарыстана інвестыцый у асноўны капітал на суму 86,9 млрд. руб., або 67,1%.  Экспарт тавараў і паслуг склаў 119,6 тыс. долараў ЗША, прагназуецца выкананне гэтага паказчыка па выніках года. Сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі – мінус 204,2 тыс. долараў ЗША.



Лідэрамі па вытворчасці прамысловай прадукцыі ў дзеючых цэнах за адзначаны прамежак часу з’яўляюцца заводы ЖБВ і гідраапаратуры, фабрыка мастацкіх вырабаў.
Абмеркаванне стратэгічных задач на гэты год, да якога запрасіў старшыня райвыканкама А.В. Бічан, праходзіла ў форме зацікаўленага дыялогу. А задачы гэтыя – рост экспарту тавараў і паслуг, павышэнне яго эфектыўнасці, павелічэнне рэнтабельнасці экспартных паставак, выхад на станоўчае сальда. Для вырашэння намечанага неабходна павышаць эфектыўнасць дзеючых і ствараць новыя экспартна-арыентаваныя вытворчасці, павялічваць рэнтабельнасць экспарту і аб’ёмаў паступлення валютнай выручкі, прыцягваць крэдытныя рэсурсы і прамыя замежныя інвестыцыі ў адпаведнасці з патрэбнасцямі вытворчасці, асвойваць новыя знешнія рынкі збыту.
У рабоце нарады прымаў удзел намеснік начальніка аддзела прамысловасці камітэта эканомікі аблвыканкама А.Ф. Трухан.



Клаўдзія МІКАЛАЕВА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *