Сябры раёнкі


Алеся Іванаўна Гушча:
– Выпісваю нашу газету больш за 10 гадоў, гэта стала традыцыяй у маёй сям’і. Мне падабаецца бачыць у раёнцы агляд яркіх падзей тыдня. З задавальненнем карыстаюся і леташнімі новаўвядзеннямі «Хойніцкіх навін» – электроннымі старонкамі газеты ў сацыяльных сетках «Вконтакте» і «Одноклассники», на якія падпісана. Там можна праглядзець фотагалерэю здымкаў, якія не трапілі ў папяровую версію суботняга выпуска. Звычайна чытаю ўсю газету, але больш увагі прыдаю старонкам з рэкламай, каб ведаць аб новых цікавых прапановах, а яшчэ сачу за матэрыяламі пра сельскую гаспадарку, таму што ў гэтай галіне працавала да самай пенсіі мая любімая матуля. Дарэчы, і старонку з віншаваннямі не абыходжу, да таго ж, і сама замаўляю праз газету цёплыя словы сваім блізкім і сябрам з нагоды свят, асабліва маім бацькам.

Анатолій Васільевіч Гарбаты:
– Выпісваць нашу раёнку пачаў, як працаваць пайшоў. Я нарадзіўся і вырас ў в. Людвін, толькі ў дарослым узросце пераехаў у Хойнікі – знайшоў работу ў будаўнічай брыгадзе колішняга калгаса імя Калініна. Ды і ў роднай вёсцы, і на новым месцы жыхарства газету нашу выпісваў і па сёння гэта раблю. Як традыцыя ў нашай сям’і – у снежні іду на пошту на паўгода падпіску афармляць. Улетку таксама на паўгоддзе падпісваюся. А сёлета мой сябра параіў ў розыгрышы прызоў паўдзельнічаць. Усяго толькі патрэбна ў рэдакцыю квітанцыю прынесці. Праверу, наколькі я паспяховы ў гэтым сэнсе чалавек (смяецца). Газета мне падабаецца, чытаю яе ад коркі да коркі. Пільна сачу за навінамі сельскай гаспадаркі, бо ўсё жыццё там працаваў. Цікава назіраць, як «Хойніцкія навіны» зменьваюцца, і надалей буду даведвацца пра жыццё раёна па старонках газеты.

Станіслава Антонаўна Ермалаева:
– Газету выпісваю, не паверыце, ужо 70 гадоў. Так, з 17 гадоў пачала цікавіцца навінамі і гісторыямі сваіх землякоў, так і працягваю. У свае 87 гадоў прачытваю старонку за старонкай і з нецярпеннем чакаю наступнага выпуску «Хойніцкіх навін». Яшчэ ў пачатку снежня аформіла падпіску на наступныя паўгода. Вырашыла і ў конкурсе прызоў паўдзельнічаць, можа, пашанцуе. Хаця і ў адваротным выпадку не засумую, таму што і без матэрыяльнага заахвочвання з радасцю атрымлівваю чарговы нумар раёнкі.

Апытвала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *