Ёсць што перадаць нашчадкам


Як ні круці, а людзі старэйшых пакаленняў, чыя маладосць прыпала на цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады, адрозніваюцца ад іншых нашых сучаснікаў асаблівай працавітасцю, адказнасцю і нязгасным аптымізмам. А яшчэ – сціпласцю сваіх запытаў і жыццёвых патрэб. Іншым разам мы жартуем над фразай, якая ўласцівая толькі нам, беларусам, і стала ўжо часткай нашага фальклору: «Абы не было б вайны»… Нам, не зведаўшым на самай справе, што гэта такое, смешна. А яны ўкладваюць у гэтыя словы глыбокі сэнс, выпакутаваны ўласным лёсам. Таму штодзённая праца стала для іх звыклым атрыбутам жыцця і нават адной з самых надзённых патрэб.



Колькі разоў даводзілася чуць ад больш маладых сучаснікаў: «Не ведаю, што са старой рабіць – ціск за 180, а яна паўзе і паўзе на агарод, быццам без яе не справімся…» Нам, людзям іншага часу, на жаль, у многім больш прагматычнага, рацыянальнага і меркантыльнага, незразумелы такі бытавы працоўны гераізм, калі чалавек, насуперак узросту, немачы і хваробам кожную хвіліну шукае сабе занятак па хатніх справах. І міжволі закрадваецца крамольная думка: а, магчыма, дзякуючы гэтай трывалай жыццёвай звычцы праводзіць час у працы і клопатах, яны і дасягнулі такога паважанага ўзросту, а гэтая паўсядзённая занятасць і трымае зараз іх жыццёвы тонус на патрэбным узроўні?



Да такіх людзей можна з поўным правам аднесці і жыхарку вёскі Казялужжа Зою Іванаўну Аніскавец. За яе плячыма – доўгае і няпростае жыццё даўжынёй у 81 год, а ў дні сённяшнім – павага і любоў у вачах 5 дзяцей, 13 унукаў і 8 праўнукаў, для якіх «баба Зося» – самы галоўны жыццёвы аўтарытэт, крыніца невычэрпнага гумару і аптымізму.
Усё было ў жыцці гэтай жанчыны: цяжкае ваеннае дзяцінства, маладосць, якая прыпала на галодныя пасляваенныя гады, смерць мужа ў 1985 годзе, якраз напярэдадні аварыі ў Чарнобылі. Яна так і засталася ўдавой, але змагла сама паставіць на ногі пяцёра дзяцей і дабіцца таго, каб усе яны атрымалі вышэйшую адукацыю.



Сама ж так і засталася сціплай і простай жанчынай, якая хаця і не мае дыплома аб адукацыі, але багатая іншым – мудрым жыццёвым вопытам. А яшчэ Зоя Іванаўна валодае майстэрствам, якое ў спадчыну атрымала ад сваіх маці і бабулі – ткацтвам і вышыўкай.



– Раней жа ручнікі, навалачкі, посцілкі, не кажучы ўжо пра набожнікі, у магазінах не прадаваліся, – гаворыць жанчына. – На тое ж, што было ў продажу, грошай не хапала. Вось і збіраліся жанчыны разам па вечарах, пралі кудзелю, ткалі, вышывалі. А якая ж работа разам, талакой, ды без песні?  І не патрэбен нам тады быў патэфон з грампласцінкамі – самі спявалі так, што заслухаешся.



А яшчэ адзначае Зоя Іванаўна, што хаця жылі тады галаднавата, не да ўбораў было, але ж людзі куды больш дабрэй былі адзін да аднаго, і сірот не было пры жывых бацьках, як зараз.



Усё жыццё адпрацавала яна паляводам у мясцовым саўгасе, які большую частку свайго існавання насіў назву «Хойніцкі», а пасля вайны яшчэ і пошту давялося панасіць: з Хойнік – у Клівы і Паташню, і ўвесь час пехатой. Але заўсёды, разам з мужам, а потым і з дзецьмі, трымалі хатнюю гаспадарку – спачатку адну карову, а з 80-х гадоў – абавязкова дзве. Зоя Іванаўна і сёння з’яўляецца адной з самых актыўных малаказдатчыц, кожны год прадае па 4-5 тон малака. І хаця асноўны цяжар клопатаў па гаспадарцы зараз бярэ на сябе дачка Алена і яе дзеці Марына і Вадзім, якія жывуць непадалёку, на гэтай жа вуліцы, не застаецца ў баку ад іх і бабуля Зося: курэй, і гусей сама пакорміць, свінням  корм замяшае, і дзве кароўкі падаіць можа.



Хаця здароўе ўжо не тое –  крывяны ціск высокі і зрок усё больш і больш падводзіць.
 Вось і вымушана была адмовіцца сёлета ад ткацкага станка і вышыўкі. Але паказаць і расказаць на справе  што, як і да чаго, вучням Казялужскай СШ, з якімі па-ранейшаму дзеліцца сакрэтамі народных промыслаў, і старадаўнімі песнямі, якіх ведае безліч, ніколі не адмаўляецца. І сапраўды – чалавеку, які пражыў такое няпростае, але багатае жыццё, канешне ж, ёсць што перадаць сваім нашчадкам.


 


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *