Блізіцца свята вялікай надзеі і веры


Хрысціянскі храм з’яўляецца сімвалам царкоўнага адзінства людзей. Сюды прыходзяць, каб разам з іншымі або на адзінцы з сабою памаліцца, прыняць Сакрамэнту (Таінствы), перш за ўсё Эўхарыстыю.
Для невялікай суполкі хойніцкіх католікаў такім месцам з’яўляецца касцёл Прачыстай Найсвяцейшай Панны Марыі, што знаходзіцца па вул. Савецкая, 22, горада. Знешне сціплы будынак, пабудаваны на месцы жылога дома, з завостраным дахам змяшчае ўсё самае неабходнае для богаслужэння. Унутры ж, таксама ў традыцыі мінімалізму, высокае светлае памяшканне ўверсе ўпрыгожана добра аздобленай драўлянай столлю.
Касцёл ахутвае веруючых глыбокай малітоўнай атмасферай. Тут адчуваецца Божая прысутнасць. Для хрысціян храм – гэта не толькі каменны веснік веры, але і дом Бога.
Перад уваходам у залу набажэнстваў католікі здзяйсняюць хросны знак. Гэта робіцца ва ўспамін пра хрышчэнне. Перад вачыма паўстае алтар і распяцце. Дзеля павагі пры ўваходзе здзяйсняецца паклон на крыж. Некаторыя яшчэ становяцца на правае калена, але гэта не ўсюды абавязкова, а толькі там, дзе знаходзіцца табэрнакулюме (месца, дзе ляжаць Святыя Дары – Цела і Кроў Хрыста пад выглядам хлеба, што азначае прысутнасць у храме Жывога Бога) – у алтары.
Кожны зайшоўшы выбірае сабе месца на любой з лавак. Тым, хто прыйшоў у касцёл упершыню, рэкамендавана садзіцца не на першы рад, бо імша гэта не пасіўнае сядзенне на месцы, а, не ведаючы, што рабіць, можна міма волі прыцягнуць да сябе залішнюю ўвагу. Таму варта садзіцца бліжэй да цэнтру.
На «палічкі» ўнізе лавак можна ўставаць толькі каленамі, таму ногі ў чаравіках варта трымаць на падлозе. Таксама, як і ў праваслаўнай царкве, у касцёле нельга карыстацца мабільным тэлефонам, каб не перашкаджаць. У хойніцкім храме на сцяне нават маецца знак, які забараняе выкарыстанне гуку на мабільным тэлефоне.
У каталіцкай традыцыі не мае месцаў для свечак за здороўе і спачын. Але свечкі часам ставяць у знак малітвы. У храме маецца адмысловы падсвечнік, на ім у час месы запальваюць агонь.
Напярэдадні вялікага свята Ражства Хрыстова хрысціяне рыхтуюцца целам і душой. Хутка святочны выгляд набудзе і сам касцёл. У цэнтры залы паставяць упрыгожаную ліхтарыкамі елку, побач усталююць батлейку – яслі з саломай і аб’ёмныя фігуры галоўных дзеючых асоб Ражства. У цэнтры па традыцыі памяшчаюць фігурку немаўляці Ісуса Хрыста, вакол Дзеву Марыю, Святога Іосіфа і астатніх удзельнікаў падзеі Нараджэння – пастухоў, анёлаў і жывёл.
На працягу Адвента – перыяду чакання свята, каля алтара традыцыйна робяць вянок з вечназялёных галінак, у цэнтры ставяць чатыры свечкі. Кожную нядзелю на богаслужэнні запальваюць па адной свечцы.
Ражаство для хрысціян – з’яўленне Хрыста ў выглядзе маленькага дзіцяці ў акружэнні Святой Сям’і – свята сямейнае, сагрэтае асаблівым цяплом і ўзаемнай любоўю. Гэтыя эмоцыі напаўняюць католікаў, зараджаюць іх пазітыўнымі пачуццямі ў час святочнай месы.
З нагоды вялікага свята Ражства Хрыстова усе жадаючыя запрашаюцца на святочную імшу, якая пройдзе ў Хойніках 25 снежня ў 12.00.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *