У гасцях у казкі

Культура

Напрыканцы снежня ў гарадскім парку адкрылася рэзідэнцыя галоўнага навагодняга персанажа – Дзеда Мароза. Сваім месцам жыхарства на некалькі тыдняў хойніцкі калега Санта-Клауса выбраў сядзібу Аўраамавых. У маляўнічым будынку з’явіліся ўсе неабходныя атрыбуты доўгачаканых свят – багата аздобленая елка, хаця і штучны, але такі прыгожы камін, дзе можна зрабіць па-снежаньскі ўтульную фотасесію і многае іншае. Ды і надвор’е на гэты раз не падвяло – зіма шчодра пакрыла парк і сядзібу раскошнай снежнай шубай.

Пачаць карагод забаўляльных мерапрыемстваў для самых маленькіх давялося калектыву артыстаў мастацкай самадзейнасці Стралічаўскага Цэнтра вольнага часу. Гэтая каманда не дазволіць засумаваць ніводнаму гледачу, что і давялі на тэатралізаваным прадстаўленні «Казка на навагодні лад». У якасці гасцей – рабяты рознага ўзросту, а самаму малодшаму гледачу ледзьве два з паловай годзікі. Розніца ва ўзросце не замінала дзецям разам танчыць вакол вечназялёнай елачкі, гучна клікаць Дзядулю Мароза і разгадваць, хто з герояў казкі робіць шкоду. Не абышлося без традыцыйных вершаў, за якія, зразумела, шчодра «плацілі» салодкасцямі.

Тым, хто не трапіў на выступленне артыстаў са Стралічава, не варта хвалявацца – казку можна паўторна пабачыць 30 снежня з 15.00 да 17.00. Да таго ж, усе жадаючыя запрашаюцца на майстар-класы і не менш цікавыя мерапрыемствы, якія пройдуць у казачнай рэзідэнцыі да пачатка студзеня. Сачыце за афішамі! 

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *