Беларусь турыстычная: аграсядзіба «Лошадиный остров», рэзідэнцыя Дзеда Мароза, Рэчыцкі раён

Беларусь турыстычная

Разказвае Марына Татарнікава:
– 18 снежня разам з вучнямі пятых і чацвёртых класаў гімназіі г. Хойнікі пабывалі ў неверагодным месцы: рэзідэнцыі Дзеда Мароза. Сапраўды, як і абяцала рэклама, апынуліся мы ў казцы. Аднак аб усім па парадку.
Сядзіба «Лошадиный остров» знаходзіцца ў Рэчыцкім раёне. Сустрэлі нас тры Снягурачкі, якія з дапамогай конкурсу падзялілі нашу вялікую групу на тры, і кожная падгрупа потым падарожнічала асобна. Гэта сістэма дазволіла кожнаму дзіцяці ў поўнай меры адчуць усе эмоцыі, усё ўбачыць, а не тоўпіцца ў дзесятым радку.
Да доміка Бабы Ягі адправіліся хто вярхом на конях, хто ў санках. Дзеці гладзілі і абдымалі гэтых прыгожых жывёл. Дарэчы многія ўпершыню праехалі на конях. Баба Яга загадвала загадкі, пужала, выведвала таямніцы.
У міні-заапарку можна было не толькі паглядзець на вярблюда, авечак, коз, гусей, поні, але і пакарміць іх, што, дарэчы, не ў кожным заапарку дазваляецца.
Таксама нас чакалі інтэрактыўныя гульні, мы знаёміліся з казачнымі героямі, малявалі сімвал будучага года (сабаку).
Завіталі на «оладушки от бабушки». Нас сустрэла бабуля, пачаставала аладкамі, варэннем, чайком. Было вельмі цудоўна сагрэцца пасля прагулак на вуліцы.
У рыцарскім пакоі хлопцы і нават дзяўчаты прымяралі даспехі, каб хоць на кароткі момант адчуць сябе сапраўднымі рыцарамі, мужнымі і моцнымі.
Канешне, асаблівай ноткай прайшла сустрэча з Дзедам Марозам. Каля рэзідэнцыі нас сустрэла Снягурачка, разам мы клікалі Дзядулю Мароза, потым рабяты расказвалі яму вершы, некаторыя нават на англійскай мове, вадзілі карагод, танцавалі, выконвалі практываванні, спаборнічалі. І без падарункаў ад Дзеда Мароза мы не пайшлі.
Напрыканцы падарожжа наведалі «Сувенірную краму», дзе можна было набыць самаробных снегавікоў і конікаў.
Усё наша падарожжа суправаджалася актыўным фатаграфаваннем, таму што дзеці хацелі як мага больш момантаў захаваць на памяць і паказаць бацькам.
Адзначу, што сядзіба размяшчаецца на беразе Дняпра, прырода там цудоўная. Атмасфера павольная, вясковая. Спадабалася ўсім без выключэння. Зарад пазітыву мы атрымалі надоўга.

Запісала Вольга Белаш.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *