Ёсць на каго раўняцца


Неяк да нас, у рэдакцыю, прыйшла ўпаўнаважаная па вул. 8 Сакавіка і Кастрычніцкай райцэнтра В.К. Мартыненка. За год, які займае гэтую пасаду, Вольга Кірылаўна зрабіла многа карысных спраў. За мэтанакіраванасць і актыўнасць жыхары вышэйназваных вуліц яе паважаюць і шчыра гавораць «наш уличком – клад». Толькі добрымі справамі адказвае ім на давер Вольга Кірылаўна. Вось і ў гэты раз завітала да нас, каб папрасіць хоць некалькі газетных радкоў прысвяціць працавітай жанчыне В.П. Бараноўскай, якую старасць дома не застае. Хаця, якая старасць? Праўду кажуць, чалавеку столькі гадоў, наколькі ён сябе сам адчувае… І напісаць пра суседку Вольгі Пятроўны – Дзіяну Ільінічну Царык, пазнаёміўшыся з якой я доўга не магла паверыць, што гэтая сімпатычная жанчына, такая спрытная і лёгкая на пад’ём, ужо на пенсіі.



Добрымі  словамі характарызавала гэтых жыхарак упаўнаважаная, адным з галоўных аргументаў была іх любоў да роднай зямлі, навядзенне парадку на ёй.  Гэтаму яны прысвячаюць увесь вольны час. Для іх няма абмежаванняў – не перашкода ўзрост, стомленасць, недахоп сіл – на прыдамавой тэрыторыі заўсёды парадак, радуюць вока шматлікія кветкі.



Вольга Пятроўна Бараноўская жыве ў доме  № 1 па вуліцы 8 Сакавіка. Прыгожая жанчына, многа пабачыўшая ў жыцці, з мяккай усмешкай выйшла сустракаць. Культурная ў зносінах, далікатная, ветлівая – першыя ўражанні аб субяседніцы. Разам прайшлі ў дом, зручна размясціліся адзін супраць аднаго для цікавай размовы ў светлым пакойчыку. І пачалі гартаць захапляльную кнігу пад назвай «Лёс». Вольга Пятроўна нарадзілася ў 1927 годзе ў вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна. Там жа закончыла 7 класаў мясцовай школы. Завочна вучылася ў Мазырскім педвучылішчы, затым закончыла тут педінстытут. Была накіравана на працу ў Хойнікі, з таго часу лёс назаўсёды звязаў яе з гэтым горадам. З гонарам прайшла па абранай педагагічнай сцяжынцы, прывіваючы маленькім хайнічанам любоў да Радзімы. Выхоўваючы іх, аддавала ўсю сябе, імкнулася з усіх сіл паспрыяць таму, каб кожны з яе вучняў стаў Чалавекам з вялікай літары. І сёння ўспамінае тыя школьныя часы з настальгіяй… Нават фатаграфавацца адмовілася – хоча, каб вучні памяталі яе такой, якой яна стаяла каля дошкі з крэйдай у руцэ. Маладой, без адбітка  на твары пражытых гадоў. Працоўная біяграфія настаўніцы, па прызнанню В.П. Бараноўскай, складаецца з работы ў хойніцкім дзіцячым доме, другой гарадской школе і другім гарадскім дзіцячым садзе – у суме гэта амаль 43 гады.



Працягвае высакародную місію маці дачка Ніна Аляксееўна, якая працуе настаўніцай у СШ  № 2. Усяго ў Вольгі Пятроўны трое дзяцей (яшчэ два сыны Леанід і Уладзімір), пяць унукаў і адна праўнучка. Муж пайшоў з жыцця амаль 30 гадоў  назад. Гэты момант у жыцці мая субяседніца ўспамінае з асаблівай горыччу, за ім, кажа, жыла, як за каменнай сцяной.



Сёння ва ўсіх гаспадарскіх справах дапамагаюць дзеці, толькі вось да аднаго Вольга Пятроўна нікога не падпускае – да кветак. Гэта яе захапленне з дзяцінства. Аднойчы яна, маленькая Волька, цішком пасадзіла на невялікім кавалачку зямелькі ў агародзе кветкі. Тата ўбачыў, як гараць вочкі дачушкі, калі яна бачыць прыгожыя расліны, дакранаецца да іх, удыхае легкі, прыемны водар… І вырашыў выдзеліць ёй асобнае месца на агародзе для вырошчвання кветак. З таго моманту, яна не ўяўляе без іх жыцця. Ёсць чаму павучыцца ў яе моладзі – каля дома кветкавае рознакаляровае покрыва. У свае 84 гады гаспадыня стварае такую прыгажосць на падворку, што дзіву даешся. Прыклад сапраўды варты пераймання. «Я проста люблю кветкі і людзей,» – закончыла гутарку Вольга Пятроўна. Ад яе слоў на душы стала так прыемна. Прыемна ад таго, што ў нашым горадзе жывуць такія цудоўныя людзі.



У іх ліку і суседзі В.П. Бараноўскай, да якіх наведалася пасля. Дзіяна Ільінічна родам з Магілёўшчыны, Віталій Максімавіч – мясцовы, з Хойнік. Гэта шчаслівы сямейны саюз, за плячыма якога 52 гады сумеснага жыцця. Д.І. Царык да выхаду на пенсію працавала інспектарам у фінансавым аддзеле райвыканкама, затым –  галоўным бухгалтарам у інспекцыі па падатках і зборах. Завочна закончыла Маскоўскі лесатэхнічны тэхнікум, атрымаўшы спецыяльнасць «эканаміст». Муж, Віталій Максімавіч, вучыўся  таксама завочна ў Буда-Кашалёўскім аграрным тэхнікуме, 37 гадоў працаваў судавыканаўцам. Клапатлівыя бацькі выхавалі дваіх дзяцей, якія зараз пратоптваюць самастойныя жыццёвыя дарожкі.



Усё, здаецца, у іх, сціплых і самавітых, у жыцці атрымалася. У доме пануюць згода і гармонія, якую яны самі ствараюць. Толькі ступіш на парог, а ужо адчуваецца, што тут жывуць сапраўдныя гаспадары. Ды і вакол дома прыгажосць. Дамінуючую частку на падворку займаюць кветкі,  сімвалізуючыя абуджэнне жыцця, за кошт якіх звычайны двор ператвараецца ў незвычайны. Даглядаюць усё гэта расліннае хараство разам. Стварэнне прыгажосці і  ўтульнасці вакол сябе прыносіць ім вялікае захапленне, робяць гэта ад чыстага сэрца на карысць сабе і акружаючым людзям.


 


Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *