Гісторык, педагог, даследчык


Да 96-годдзя з дня нараджэння Ірыны Міхайлаўны Бяляўскай.


І.М. Бяляўская нарадзілася ў мястэчку Хойнікі Рэчыцкага павета Мінскай губерніі (цяпер Гомельская вобласць) 26 красавіка (9 мая) 1913 года. У сярэдняй школе вучылася ў Гомелі. У 1928 годзе сям’я пераехала ў Ленінград, дзе І.М. Бяляўская закончыла педагагічны тэхнікум і з 1931-га па 1936 год працавала выкладчыкам грамадазнаўства ў маскоўскіх сярэдніх школах. У 1934 годзе паступіла на гістарычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта. Спецыялізавалася на новай гісторыі; напісала дыпломную работу ў Ф.А. Ратштэйна аб аўстра-пруска-польскіх адносінах. Закончыўшы ў 1939 годзе МДУ, Ірына Міхайлаўна паступіла ў аспірантуру на кафедру гісторыі паўднёвых і заходніх славян. У 1941-м была эвакуіравана ў Меднагорск Чкалаўскай вобласці, дзе працавала настаўніцай гісторыі ў сярэдняй школе.

У 1944 годзе І.М. Бяляўская вярнулася ў Маскву і была адноўлена ў аспірантуры. Пачала выкладаць на кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян, адпрацавала там 31 год. У 1950-м абараніла кандыдацкую дысертацыю “А.И. Герцен и польское освободительное движение в 60-х гг. ХІХ века”. У 1972 годзе ёй было прысвоена званне прафесара.

І.М. Бяляўская займалася праблемамі польскага нацыянальна-вызваленчага руху, руска-польскіх сувязей, гісторыяграфіі гісторыі замежных славянскіх народаў, была адным з аўтараў навуковых каментарыяў да акадэмічнага збору твораў А.І.  Герцэна і заўваг да асобнага выдання і яго твора “Былое и думы”.

Ірына Міхайлаўна ўнесла вялікі ўклад у канцэпцыю выкладання гісторыі паўднёвых і заходніх славян як фундаментальнай універсітэцкай дысцыпліны, была ў ліку стваральнікаў адпаведнага курса лекцый. Акрамя гэтых курсаў яна чытала курс гісторыі Польшчы, некаторы час выкладала польскую мову. Пад яе кіраўніцтвам было абаронена больш за 120 дыпломных работ, 13 кандыдацкіх дысертацый.

І.М. Бяляўская была ў ліку аўтараў і рэдактараў першых савецкіх падручнікаў па гісторыі паўднёвых і заходніх славян. Напісала раздзелы па польскай гісторыяграфіі ў вучэбных дапаможніках.

Пасля смерці І.М. Бяляўскай частка яе бібліятэкі перададзена ГДУ імя Ф. Скарыны як адзінаму на той час універсітэту на Гомельшчыне, які рыхтаваў гісторыкаў.  


Падрыхтаваў С. БЕЛЬСКІ, настаўнік гісторыі СШ № 3 г. Хойнікі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *